logo piligrymka





Што шукае пілігрым?


Odnoklassniki VKontakte Facebook Twitter Mail.ru ← падзяліцеся ў сацыяльных сетках з сябрамі

Аднойчы, малы хлопчык гуляў каля дарогі, што праходзіла праз невялікую вёску, назва якой распаўсюджана на Беларусі. Вакол была цішыня: птушкі лёталі дзесьці высока ў небе, калыхалася трава на ўзгорку, аблокі быццам змовіліся і за якую гадзіну сплылі з небасхіла… Раптам за гэтым самым узгоркам пачуліся дзіўныя для хлопца гукі: то былі гітары і вялікая колькасць галасоў, якія набліжаліся да вёскі. Здзіўлены і захоплены невымернай цікавасцю, ён пабег насустрач гэтым таемным гукам. Якім жа было яго здіўленне, калі з-за павароту паказалаўся вялікі натоўп людзей! Яны гралі, спявалі, танчылі… А вочы ў іх, як заўваўжыў хлопец, былі нейкія незвычайныя: яны былі ясныя, нават зіхацелі шчасцем! Дагэтуль ён ніколі не бачыў такіх вачэй!
Хлопчык праводзіў “натоўп” (так ён думаў пра гэтых людзей) да канца вёскі і адразу ж пабег дахаты, дзе чакаў яго, седзячы на лаўцы, яшчэ не стары, але ўжо пасівелы чалавек, які даводзіўся яму дзедам.

- Дзядуля! – закрычаў ён падбягаючы да плота. – Ведаеш, я бачыў людзей з незвычайнымі вачыма!

-Гэта былі пілігрымы, – спакойна адказаў дзед.

-А чаму яны былі такія шчаслівыя? – зацікаўлена  спытаў хлопец. –  Зараз жа лета, спёка, напэўна, цяжка так ісці…  

-Хадзі да мяне. Хочаш, я раскажу табе адну цікавую гісторыю? – зноў спакойна і разважна спытаў стомлены спёкай дзед.

-Хачу! Канечне хачу! – палымнеючы ад нецярпення амаль праспяваў хлопчык.

- Гэтая гісторыя здарылася шмат гадоў таму….
Стаяла ціхая свежая раніца. Над вёскай ледзь-ледзь падымалася сонца. Усё навокал казала аб тым, што днём будзе спека, як сёння. Сёння была таксама такая свежая раніца, а зараз нават дыхнуць нечым. Дык вось, праз вёску па пыльнай дарозе ішоў чалавек. Па ім было бачна, што ідзе ён здалек і ўжо некалькі дзен. На ім былі старыя сандалі, на плячах – невялікі заплечнік, у руках ён нёс кій…

- Дзядуля, а куды ён ішоў так рана праз гэтую вёску?

- Пачакай, не ўсё адразу. 

Дзесьці пасярэдзіне вёскі быў вялікі сад…. У ім раслі яблыні і грушы, і вішні. І вось гэты чалавек вырашыў адпачыць пад ценем дрэў. Ён прылёг на яшчэ мокрую ад расы траву і заплюшчыў вочы. А калі адчыніў іх убачыў прад сабою юнака, які з цікавасцю разглядаў яго. Яны моўчкі глядзелі адзін на аднаго хвілінкі тры, а пасля юнак спытаў:

-Навошта вы некуды ідзеце зараз па гэтаму пылу? Дзень будзе спякотны.

-На ўсё воля Божая, – адказаў чалавек.
-І ўсё ж, што вы шукаеце ў гэтых краях? Чаму ваш выгляд такі шчаслівы, калі вашыя ногі поўныя мазалёў і такія крывавыя?

-Ведаеш, хлопча, нашае зямное жыццё – гэта пілігрымка. Мы да чагосьці імкнемся, марым, знаёмімся з новымі людзьмі… Але часам чамусьці забываемся пра Бога. А Ён ёсць у кожнай рэчы, у кожным тваім знаёмым, у тваім самым простым руху! А я проста вырашыў для сябе, што знайду Бога. Якім чынам… Адкінуўшы зямныя клопаты і ўспрыняўшы жыццё як пілігрымку, як шлях да Стварыцеля.

Больш ён не казаў нічога, паволі падняўся і пайшоў далей, у невядомасць…
Толькі праз гады юнак, стаўшы ўжо дарослым, зразумеў, пра што казаў той чалавек, што ён выбраў такі шлях сам, без прымусу, а па Божай волі. Ён імкнуўся не толькі паглядзець, што сабой уяўляе свет, але і зрабіць яго лепшым, праславіць сваім жыццём Бога….

Праз некаторы час чалвек знік за гарызонтам, а юнак, здіўлены ягоным адказам, стаяў пад ценем старых яблынь…

-Дзядуля, а той юнак… Гэта быў ты?

-Так, гэта быў я… Гэты чалавек больш ніколі мне не сустрэўся, але за гэтыя пяць хвілін размовы ён перамяніў маё жыццё. Гэта быў сапраўды Божы чалавек, гэта быў пілігрым. Ён шукаў ў людскіх сэрцах водгук на сваё дабро, сваім жыццём паказваў прылад цярпімасці… А галоўнае, ён шукаў Бога ў самых простых рэчах, ён шукаў Бога ў сэрцах людзей….

 

Журко Ганна
г.Жодзіна

Напісаць каментар

Адправіць каментар


+ восемь = пятнадцать

Апошнія артыкулы