logo piligrymka





Што шукае пілігрым?


Odnoklassniki VKontakte Facebook Twitter Mail.ru ← падзяліцеся ў сацыяльных сетках з сябрамі

Падарожжы  маленькімі крокамі…

Памятаеце, як у дзяцінстве? Калі сэрца яшчэ лёгкае і трывалае, быццам  белая тканіна з невялікай крамкі паблізу марскога порта, дзе капітаны выбіраюць сабе ветразі…  У бясконцай цішы і прасторы спачывае нашае дзіцячае сэрца, і нішто не турбуе яго, пакуль аднойчы не з’явіцца вецер натхненне.

Хтосьці кажа, што нахненне –  гэта выпадкова,  збег абставін; хтосьці лічыць гэтае новае адчуванне першымі парасткамі таленту;  іншыя бачаць тут  праяву плёну выхавання…

…усё гэта праўда. І, у той жа самы час, ўсё гэта – толькі нашыя асабістыя меркаванні аб нябачных прычынах бачных следстваў.  Нашае сфармаванае, дарослае сэрца, яго паварот да святла, або скіраванасць ў цемру – як гэта сталася? Меркаванні… Аднак меркаванні ніколі не выключаюць праўдзівых прычын, якія часцяком працягваюць заставацца нераскрытымі таямніцамі.

Чаго шукае пілігрым?

Калі я была зусім малая, чамусьці меркавала, што пілігрым – гэта мой дзядуля Антоній. Я ведала яго па аповядах дарослых –  ён памёр яшчэ да майго нараджэння: бы  шалёны, нёсся на сваім кані па ўзгорыстых лясных дарогах роднага яму  мястэчка Інава…. мне думалася, яго сэрцу патрэбна было больш паветра, падзей , абставін… Больш натхнення?  І я вырашыла: мясцовыя браслаўскія пілігрымы, напэўна,  выпраўляюцца ў шляхі да святыняў па натхненне.

Але праз некаторы час я зразумела: натхненне  – не мэта падарожжа, а нагода яго распачаць. Таму не натхнення шукае пілігрым – ён ужо сам адшуканы натхненнем.

Ці шукае пілігрым падарожжаў? Вядома, але…пілігрымка мала ў чым падобная да экскурсіі або турыстычнай вандроўкі. Пілігрымка – нешта большае. Больше, таму што большая не толькі яе мэта, але і яе прычына. Дзіўны парадокс: такая падвоенная маштабнасць прычыны і мэты не выклікае нейкага неспакою, ці боязі, ці пачуцця празмернай адказнасці.

Мы проста адчуваем раўнавагу.

Трывалую, надзейную раўнавагу мэты і прычыны нашых дзеянняў.

Магчыма, менавіта гэтага шукае пілігрым?

І гэтага…Але – не. Гэта хутчэй як старт. Пілігрымка – падчас падарожжа і напрыканцы – хутчэй падобная да таго самага збегу абставін, які нарэшце ўзнік і спрыяе ажыццяўленю нашых памкненняў.Вось ён момант, каб пілігрым здзейсніў тое, што мы называем САПРАЎДНЫ УЧЫНАК, і чаго кожны з людзей прагна чакае. Часам  праз усё жыццё…

Што ж, цяпер нам дакладна вядома, чаго шукае пілігрым – учынку. Але, пагадзіцеся, такога азначэння  мэты пілігрыма для нас рашуча недастаткова, і спыніць нашыя доследы на такім азначэнні проста немагчыма.

У чым гэты ўчынак? Прыкласці шмат намаганняў, каб сустрэць Бога, убачыць Яго, адчуць шчасце ў Ім?  Вярнуцца да Яго, як вяртаюцца дадому, з мэтай знайсці сваё дзіцячае сэрца, каб патануць у ім, каб  спачываць у ім у чаканні подыху натхнення…

Быў час, калі я меркавала, што гэта так. Гэта, напэўна, быў самы лепшы час ў маім жыцці. Час пачатку майго навучання.

Вучыцца і жыць мне было звычайна – больш дакладнага азначэння і не знойдзеш.  Было так аж да той пары, пакуль аднойчы адзін сталы мудры чалавек не звярнуўся да мяне з пытаннем: “Алена, хіба вы згодныя з меркаваннем, што караблі і капітаны выпраўляюцца ў далёкія марскія падарожжы з адной толькі мэтай – заўжды і абавязкова вяртацца да таго самага берага?”

“…хіба вы згодныя з меркаваннем…?”. 

Бог – гэта не мэта і не следства. Бог – заўжды прычына, натхненне. А Пілігрым не шукае прычын: памятаеце –“… натхненне  – не мэта падарожжа, а нагода яго распачаць, пілігрым ужо сам адшуканы натхненнем.”

Хіба караблі і капітаны выпраўляюцца ў далёкія марскія падарожжы з адной толькі мэтай – заўжды і абавязкова вяртацца да таго самага берага? Караблі і капітаны ідуць да новых даляглядаў. Я не будуюць дом для сябе на новым беразе – яны будуюць фарпост. А потым – мост. Так яны ўсталёўваюць повязь, фармуюць еднасць супольнасці. Не заўжды даводзіцца ім пабачыць плён сваіх учынкаў: вялікі горад, што з часам узнікне на гэтым месцы.

Чаму? Таму што капітан і пілігрым не застаюцца дома. Іх лёс – рушыць далей, збудаваўшы масты і супольнасць, якая надалей імкнецца да еднасці.

Што шукае пілігрым?

 Ён спадзяецца, што ўмацуе супольнасць вернікаў, якая дзякуючы яго крокам і малітвам, дзякуючы таму, што ён не застаецца дома, не застаецца ўбаку, будзе здольная нястомна імкнуцца да святасці. Пілігрым шукае славы Касцёла, як жадае і шукае гэтага для людзей Бог.

 

Алена Арцёмава, г. Віцебск

Напісаць каментар

Адправіць каментар


девять + два =

Апошнія артыкулы