logo piligrymka





Што шукае пілігрым?


Odnoklassniki VKontakte Facebook Twitter Mail.ru ← падзяліцеся ў сацыяльных сетках з сябрамі

…Старое сонца заблыталася ў людскім натоўпе. Яно хоць і было гарачым, ліпеньскім, але не ўмела сагрэць спалоханыя сэрцы людзей – вернікаў касцёла Святога Юрыя,  што ў Пяршаях Валожынскага раёна. Устрывожаны натоўп галасіў, просячы ў нябёсаў паратунку. Паланёных вяскоўцаў гналі да дзвюх адрын, дзе ўжо былі падрыхтаваны бензін і нацэлены кулямёты. Так немцы праводзілі карную аперацыю “Герман” у адказ на партызанскі рух у  Івянцы. Навакольныя вёскі знішчаліся разам з жыхарамі. Такі ж лёс чакаў і Пяршаі. Але калі да паланёных людзей далучыліся двое айцоў-францішканаў, якія служылі ў мясцовым касцёле, сітуацыя пачала мяняцца, з’явілася слабая надзея.

    …Айцы жылі на плябаніі, дзе таксама месцілаля кватэра нямецкага каменданта невялікага гарнізона, таму іх ніхто не чапаў. Аднак святары самі вырашылі не заставацца на баку, але быць разам з вернымі. Камендант перасцерагаў іх, каб не выходзілі. Бабця-гаспадыня на каленях упрошвала іх застацца. Але яны адказалі: “Дзе авечкі, там і пастыры”. І пайшлі, чуючы плач асуджаных на смерць людзей, каб падтрымаць іх духоўна.

    Святары Ахілес і Герман заахвочвалі людзей да спакою і малітвы, бласлаўлялі іх. “Не плач. Што Бог дасць, з тым трэба пагадзіцца ва ўсім”, – сказаў пробашч кабеце з дзіцём на руках. Прыехаў нямецкі камісар. Усіх выпусцілі з адрыны і на пытанне камісара: “Што мілей: смерць альбо праца на карысць Германіі?” – усе закрычалі: “На працу!”. 

    Тады дзяцей і старых адпусцілі, астатніх жа пагналі да Баравікоўшчыны. Там айцоў ад людзей аддзялілі і кудысьці павялі. А вяскоўцаў пасадзілі на машыны і адправілі ў працоўныя лагеры пад Мінск.

    …На ўскрайку вёскі ў старой стадоле немцы бязлітасна закатавалі айцоў-францішканцаў, пасля чаго стадолу падпалілі. Па двух крыжыках і рэштках сутаны людзі дазналіся, якая трагедыя тут адбылася…

    Пасля карнай аперацыі, калі эсэсаўцы пакінулі гэтыя мясціны, гаспадыня, якая працавала на плябаніі, разам з другой жанчынай паехалі на кані да Баравікоўшчыны, сабрала людскія парэшткі ў дзве прасціны і палажыла ў скрынку. Труну з парэшткамі Божых слугаў з пашанай пахавалі вернікі каля касцёла.

    Гэта трагедыя адбылася 19 ліпеня 1943 года. Зараз францішканскія мучанікі пробашч Ахілес Пухала і яго вікарый Герман Стэмпень беатыфікаваны і аб’яўлены благаславёнымі.

    Быць можа, у сувязі з гэтай ахвярай – мучаніцкай смерцю Божых слугаў, Бог захаваў жыццё ўсім паланёным людзям, замяняючы смерць на цяжкую працу ў лагерах каля Мінска, з якіх праз пэўны час усе вярнуліся дадому…   

    У народзе месца, дзе былі жорстка забіты айцы, назвалі “Галгофай”. Сюды не ладзяцца пілігрымкі. Толькі местачкоўцы ўшаноўваюць памяць святых айцоў. Тут вельмі ціха. Высокі крыж цягнецца да неба, рамонкі пачціва схіляюць свае галоўкі і канюшына, пахучая мёдам, ціха плача кропелькамі расы.

    Што шукалі пяршайскія айцы-францішкане – пілігрымы на Божых шляхах?..

 

    …Хтосьці падлічыў, што чатырохгадовае дзіця задае старэйшым 437 пытанняў у дзень. Мне 22 гады. Нядаўна я скончыла ўніверсітэт. Але пытанняў сабе і бацькам я задаю, напэўна, не менш, чым чатырохгадовае дзіця. У дзяцінстве мне здавалася: калі вырасту, перада мной адкрыюцца ўсе таямніцы жыцця, увесь яго сэнс. Але я памылілася.

    Жыву ў сабе, як у вязніцы. Адчуваю прыгажосць свету, але і яго нясталасць. Маё жыцце, як і шлях пілігрыма, – вялікі пытальнік. Хто мы такія? Куды ідзём? – частая думаю я.

    Чаму наша жыццё ператворана ў слоту пад нагамі? Чаму многія людзі абыякавыя адзін да аднаго? Чаму галоўныя каштоўнасці жыцця застаюцца “за кулісамі”? Чаму родная мова стала персонай non grata? Чаму столькі дзяцей на планеце плача ад болю, голаду і адзіноты? Чаму дарослыя кідаюць малышоў у радзільнях?

    Раней здзіўляла хамства, зараз здзіўляе празмерная ветлівасць і далікатнасць. Матэрыялізм, мітусня і разбэшчанасць правяць баль на нашай зямлі. Дзе б ты ні з’явіўся, цябе ў літаральным сэнсе ацэньваюць: ці дорага ты апрануты, на якой машыне ты прыехаў, якую пасаду займаеш, якой таўшчыні твой кашалёк, з кім з важных персон ты сябруеш?

    Многія скажуць: глупства, знайшла пра што думаць! Не, гэта не глупства. Гэта жаданне захаваць у сабе чалавечае.

     Што адбываецца з многімі людзьмі? Адказ мне не зразумелы. Што мы ведаем пра сябе, калі ідзём дарогай, спяшаючыся? І кожны ў свой бок. А побач, можа, хтосьці мае патрэбу ў дапамозе, падтрымцы. Чыёсьці  адзінокае сэрца баліць, спадзяецца на ўвагу, на добрае, спагадлівае слова .

    “Колькі зла, колькі зла ў гэтым вялікім свеце!” – часам усклікаю. Але тут жа дакараю сябе, успамінаючы словы святой маці Тэрэзы з Калькуты, якая на падобныя нараканні адказала камусьці наздвычай катэгарычна : “Толькі два зла – ты і я…”. 

    Калі я з правінцыяльнага Валожына прыязджаю ў Мінск, на шумных вуліцах вялікага горада здзіўляюць кантрасты імклівага жыцця. Дарагія машыны, бляск вітрын, стабільнасць і рэспектабельнасць, раскоша і радасць. А  зусім побач існуе іншае жыццё. Холадная абыякавасць “мурашнікаў” шматпавярховак, сваркі, разлад, брыдкаслоўе ў многіх сем’ях, галеча і безнадзейнасць, трывога ў вачах старых і пенсіянераў. Дзіўны наш свет, парадаксальны і неўладкаваны… Усё тут трашчыць і хістаецца. Дзе шукаць упэўненасці, спакою, надзеі? Толькі ў Бога!

   Чаму людзі адпраўляюцца ў пілігрымку? Кагосьці займае гісторыя: старажытныя гарады,  палацы і велічныя храмы. Заглядаеш у іх, як у бяздонны калодзеж, – і адкрываецца глыбіня даўнасці адносін чалавека і Творцы. Хтосьці горача шукае веры, якая абяцала б яму раскрыць усю паўнату душы. Хтосьці адпраўляецца за цудоўным аздараўленнем ад цяжкай хваробы. А хтосьці з маладых проста адпраўляецца патусавацца. А адзін мой знаёмы сустрэў падчас пілігрымкі сваю будучую жонку.

    У пілігрымцы я была ўсяго два разы. На аўтобусе разам з парафіянамі наведвала Будслаўскую святыню. Пілігрымка для мяне, “як холад расы на прагнучы грунт, як добры хлеб на галоднага далонь”.

    Мне здаецца, чым бы ні займаўся кожны з нас, што б ні рабіў, галоўная прычына ўсіх нашых надзей і хваляванняў да здзіўлення простая. Рухае намі жаданне любіць і быць любімымі. Імкненне да багацця, прызнання, спакою тлумачыцца вельмі проста – мне самотна і сумна і вельмі не хапае любові. Але я кажу не пра чалавечую любоў, таму што яна не дасканалая: людзі сыходзяць, забываюць, здраджваюць. Я кажу пра сапраўдную і бескарыслівую любоў Творцы, якую шукалі і знайшлі на грэшнай зямлі благаславёныя айцы-францішкане з Пяршаяў. Калі ўхопішся за далонь Бога, сяброўства далонь, тады ўжо не згінеш… Тады ўжо не трэба ні барацьбы, ні трывог, ні доказаў…

Алена Пашкевіч, горад Валожын, Мінская вобласць.

Напісаць каментар

Адправіць каментар


восемь + один =

Апошнія артыкулы