logo piligrymka





Што шукае пілігрым?


Odnoklassniki VKontakte Facebook Twitter Mail.ru ← падзяліцеся ў сацыяльных сетках з сябрамі

Ён стомлена заплюшчвае вочы… І толькі ледзь чутныя кроплі дажджу манатона і так звыкла вяртаюць яго ў рэальнасць, у гэту апастылую шэрую рэальнасць…

Увогуле, ён любіць дождж. Ідзе дождж – і ен зноў адчувае сябе натуральна жывым, неад’емнай часткай прыроды. Калі ідзе дождж, усе людзі хаваюцца пад парасонамі, і больш не трэба вымучваць усмешку на сваім твары і рабіць выгляд упэўненанага у сабе і моцнага члена грамадства. Бо ён – адзін. Ён заўседы адзін. Быў, ёсць і будзе. Ён ужо прымірыўся з гэтым.

Мабыць, усе прайшло…усе шчырае, каштоўнае…Усе засталося недзе там далека, магчыма ў дзяцінстве, а магчыма і ў мінулым жыцці. А ці было яно, гэтае жыццё? – Здаецца, толькі ўспамін, толькі легкі туманны ўспамін пра жыцце…

Аднойчы ён спытаў у маці, аб чым жа яна марыць? Хлопчыку так хацелася ўвасобіць яе мару ў рэальнасць… А мама проста так сказала:”Сынок, ні аб чым. У мяне ўжо даўно няма мары.” Тады, у дзяцінстве, ен не паверыў, думаў, што маці не хоча адкрыць яму таямніцы сваей душы. А зараз, толькі зараз ен адчуў, што мама заўседы была шчырай і ніводнага разу ў жыцці не падманула яго. Ен ужо таксама не марыў. Неяк больш не марылася, больш не верылася ў цуды… У яго няма мары. Ён ужо прымірыўся з гэтым.

Нават з заплюшчанымі вачыма ен яскрава бачыць тую дзяўчынку, яго дзяўчынку, але не, яна ніколі не належыла яму, ен не хацеў нават прэтэндаваць на гэта. Ен – за свабоду і роўнасць асобы. Ніколі не хацеў валодаць нікім, проста хацеў быць побач, быць разам і дзяліць асалоду ад жыцця… Проста кахаў яе. Пяшчотна, сціпла, без надрыўных крыкаў і завоблачных абяцанняў, але з ахапкамі васількоў і рамонкаў…Проста кахаў яе…тую, каторай ніколі не было ў яго жыцці. Шчырасці не было і цеплыні не было… Колькі прыгожых, таленавітых дзяўчын сустракаў ён на сваім шляху, але роднай так і не сустрэў. Усе былі ў гульні, заўседы ў гульні…А яму так хацелася жыцця, сапраўднага жыцця: так, каб ісці басанож пад дажджом у цэнтры горада, так, каб ехаць у апошнім паўночным траліку разам, рука ў руцэ і без слоў, так, каб смяяцца, смяяцца без прычыны і без перапынку… Ён ніколі не кахаў і не мог падмануць сябе, што нарэшце сустрэў каханне. А ніколі ж не прасіў у нябёс кахання сусветнага масштабу, проста маленькі кавалачак чалавечага  шчасця…Яму не патрэбна была эпапея аб каханні, толькі навэла, навэла кароткая, але яскравая, сапраўдная, якая была б стымулам каб жыць і марыць, каторая была б падцверджаннем яго жыцця, яго прыналежнасці да зямнога жыцця…

Ен зноў прачынаецца ўначы…Як заўжды не хапае паветра. Проста немагчыма дыхаць. Такое адчуваненне, што ў горле нібы тысячы маленькіх і руплівых Сізіфаў усе коцяць і коцяць дагары свае камяні, хвіліна – і падаюць, яшчэ хвіліна – і зноў падымаюцца, І так без канца. Часам яму здаецца, што менавіта гэтая ноч апошняя. І ў гэты момант ен не адчувае страху. Але нешта накшталт надзеі з’яўляецца ў яго вачах. Так, безумоўна, ен хоча смерці. Жыццё яму зусім абыякава. Ен зусім не экстрасэнс, але дакладна ведае кожны свой дзень па хвілінах. Раніца, абед, вечар, работа, плэер, тэлевізар, часам тэатр, дыскатэкі, водка, яшчэ больш водкі. Ен не п’яніца, але зрэдку так хочацца забыцца, зусім забыцца…

Сябры. Ёсць. Кампанія. І зноў жа алкаголь. Весела, лёгка. А раніцай – зноў адзін. І так да наступнай пятніцы, а можа і праз два тыдні сустрэнуцца…Мабільны рэгулярна падае голас… прыгожая мелодыя будзільніка. Бывае хвіліна, калі проста хапае тэлефон і глядзіць на экран, чакае, што хоць хто-небудзь успомніць яго якраз зараз. Праз гадзіну – другую засынае, раніцай ен дачакаецца званка…будзільніка. Бо ён – адзін. Ён заўседы адзін. Быў, ёсць і будзе. Ён ужо прымірыўся з гэтым.

Было б цудоўна, калі б ён умеў плакаць. Але ці можна выплакаць пустэчу, якая ўнутры, у кожнай кропцы цела? А Сізіфы ўсе працуюць, мо гэты каменьчык будзе апошнім?

Калі былі жывыя бацькі, ён ведаў, што проста павінен быць моцным, цэльным. Яны не маглі бачыць яго слабым, разгубіўшымся. Ен не мог дазволіць сабе гэтага…

 Для іх дома ён быў фундаментам. А зараз ўжо нікому не патрэбен гэты фундамент: ён паціху парос быллём і паступова пачаў расыпацца на кавалачкі.

Так і не ваканаў, напэўна, ніводнай мары маці. Грошы не цікавілі яе, падарункі вызывалі толькі лагодную ўсмешку. А ён хацеў зрабіць яе шчаслівай.

Зараз, гледзячы здымкі ў агромністым фотаальбоме, ён заўважае колькі календарыкаў і газетных выразак з рознымі краявідамі Італіі там знаходзіцца. А ён жа бачыў гэта раней і чаму тады не звярнуў увагі?

Мама як казку расказвала яму гісторыю ў маленстве. Казкі былі розныя: пра родны куток, пра вялікіх князёў і ліцвінскіх ваяроў, пра шыкоўныя балі і слаўныя бітвы. І ўсе гэта было так непадзельна цікава, яе словы малявалі у яго ўяўленні такія шэдэўры, такія карціны, якія ён запомніў на ўсе жыццё. Але самымі непаўторнымі, самымі яскравымі былі казачныя аповесці пра старажытны Рым. Ён мог слухаць гадзінамі гэтыя цудоўныя гісторыі пра подзвігі Гая Юлія Цэзара, пра норавы і звычаі рымлян, пра іх жорсткія, авантурныя і пераможныя бітвы. Ён ўяу бачыў ўсё гэта, верагодна, у мінулым жыцці ён быў менавіта рымлянінам, стойкім, смелым, самым сапраўдным рымлянінам.

Мама любіла Рым. Не шыкоўную Фларэнцыю, не вытанчанную і незвычайную Венецыю, а Рым, старажытны Рым, той, які большы чым сучасны Рым, той. Які ахопліваў практычна ўсю Італію, асабліва Неапаль і Пампеі.

Апошні дзень Пампеі. Трагедыя старажытнага свету. А маці захаплялася ёй. Нават ведала ўсе захаваўшыяся фрэскі ў рымскіх дамах. Часам яму здавалася, што на вуліцах старажытнага Рыму і Пампеяў яна лепш арыентавалася, чым ў сучасным і такім блізкім Мінску.

Яна нічога ў яго не прасіла. Ніколі. А сам не здагадаўся. І Сізіфы у горле зноў распачалі сваю працу…хоць бы слязінку, хоць бы адну. Не хапае паветра.

Кожны дзень – распланаваны, мары саступілі месца планам. Саступілі ужо даўно і назаўжды.

Праца, кар’ера, грошы, прыйсці дамоў – і проста забыцца. Сёння кідае ўсё, толькі фотка з мамай у кішэні. Першы самалёт. Адразу ў Неапаль, там дзе Пампеі, Геркуланум і Стабіі, там, дзе велічавы Везувій – сведка векавых трагічных падзей.

Першы крок па італьянскай зямлі, не, па рымскай, па сапраўднай старажытнай рымскай зямлі!!!! 

Ён заплюшчвае вочы…Дождж, родненькі, хоць і не беларускі. Але, напэўна, у дажджу няма нацыянальнасці. Дождж цеплымі кроплямі бяжыць па твары, саленымі кроплямі. Нарэшце. Ён дачакаўся саленых кропель на твары. Ён – чалавек. Ён – жывы, жывы…

Прага да жыцця рэзка наляцела на яго, ударыла з усей сілы ў самае сэрца, ажно падкасіла гэтыя моцныя ногі, якія не правыклі станавіцца на калені…

І так стаяў чалавек перад Везувіем на каленях. Ен заплюшчыў вочы і проста плакаў…. і адкрыў сваў сэрца. Воля да жыцця, вера ў жыццё, вера ў чалавека, у сапраўдныя пачуцці зноў прабудзілася ў ім, накрыла хваляй…

Ён не шукаў ужо нічога…Але знайшоў! 

 

Петухова Наталля. 

г. Мінск

Напісаць каментар

Адправіць каментар


два + один =

Апошнія артыкулы