logo piligrymka





Беларускія пілігрымы наведалі месца пахаваньня св.Язафата Кунцэвіча


Odnoklassniki VKontakte Facebook Twitter Mail.ru ← падзяліцеся ў сацыяльных сетках з сябрамі

Асоба грэка-каталіцкага арцыбіскупа Язапата Кунцэвіча ў беларускай гістарыяграфіі з’яўляецца вельмі супярэчлівай. Праваслаўныя лічаць яго ворагам, які зьдзекаваўся з людзей, што не жадалі прымаць еднасьць з Рымам. Каталікі, наадварот, абвясьцілі яго сьвятым і прызналі апекуном створанай у 1999 г. Віцебскай дыяцэзіі. Бясспрэчна адно — Язапат Кунцэвіч не пашкадаваў нават уласнага жыцьця дзеля аднаўленьня еднасьці ўсіх хрысьціянаў.

Сёлета мне пашанцавала пабываць у пілігрымцы да месца пахаваньня сьвятога Язапата Кунцэвіча ў Рыме, якую арганізаваў ксёндз з Расонаў Вячаслаў Барок. Не хапае слоў, каб перадаць усе мае ўражаньні ад пілігрымкі, асабліва ад таго яе моманту, калі мы мелі магчымасьць прыняць удзел у набажэнстве ў галоўным храме каталікоў сьвету — саборы Сьв.Пятра і памаліцца ля срэбнай труны з астанкамі сьвятога Язапата Кунцэвіча. На жаль да алтара Васілія Вялікага, дзе знаходзяцца астанкі сьвятога, ахова Ватыкана пусьціла нас усяго толькі на некалькі хвілінаў, але і гэтага часу пілігрымам хапіла, каб адчуць усю моц прысутнасьці каля сапраўды вялікага пакутніка. Ксёндз Вячаслаў Барок выказаў шкадаваньне, што астанкі нашага беларускага сьвятога, які ўсё сваё жыцьцё працаваў у Беларусі знаходзяцца ў Ватыкане. Напэўна, было б больш справядлівым, калі б яны былі пахаваны на яго радзіме, і ўсе нашыя вернікі мелі б магчымасьць доступу да іх. Думаю, варта за гэта маліцца. Але трэба адзначыць, што ў Мёрскай парафіі сёньня захоўвацца рэліквіярый з машчамі святога Язапата, які быў туды перададзены ў 2004 г.

У нашай групе пілігрымаў знаходзілася шмат праваслаўных, некаторыя зь якіх выказвалі зьдзіўленьне, што Язапата Кунцэвіча Касцёл прызнае сьвятым. Сапраўды, яго постаць у гістарычнай літаратуры падаецца пераважна не ў самых сьветлых колерах. Маўляў, быў нецярплівы, не шкадуючы сябе, не шкадаваў і іншых. Вобраз сьв.Язапата, створаны Ўладзімерам Караткевічам у п’есе «Званы Віцебска», падаецца мне шмат у чым далёкім ад рэальнага. Язапат Кунцэвіч памёр пакутніцкай сьмерцю за тое, каб у каталікоў і праваслаўных была адна царква, адна вера. Ён, як ніхто іншы, ужо тады разумеў, які вялікі і страшны грэх падзелу Хрыстовага Цела, якім, паводле хрысьціянскага вучэньня, зьяўляецца Царква. Унія, што па Божаму провіду была заключаная на беларускай зямлі ў 1596 годзе, на нейкі час зноў прынесла еднасьць хрысціянам. Развіцьцё Уніі ў Беларусі на пачатку XVII ст. і зьвязаная менавіта з імем Кунцэвіча. Ён быў яе сынам, дзеячам, пакутнікам і сьвятым.

…Халодным лістападаўскім днём у 1990 годзе маладыя грэка-каталікі на чале з айцом Себасцьянам паспрабавалі ўстанавіць крыж на дзьвінскім беразе ў Віцебску, адкуль калісьці скінулі нежывое цела арцыбіскупа. Яны пранесьлі па віцебскіх вуліцах крыж і абразок з выяваю святога Язапата, а калі распачалі асвячэньне крыжа на Ўсьпенскай горцы, трапяткую людзкую узьнёсласьць парушыла зьяўленьне міліцыянераў. Тыя, выконваючы загад гарадзкіх уладаў, перашкодзілі ставіць крыж. Праз год крыж у гонар сьвятога Язапата Кунцэвіча быў усё-такі пастаўлены, але ўначы таямніча зьнік…

Тым, хто аб гэтым ведае, хто разумее, наколькі цяжкі і цярністы быў шлях Царквы на нашай зямлі, тым, хто разумее, што такое Беларусь калісьці, учора і сёньня — няхай дадасца сілы, любові і адвагі.

Кацярына Церашкова, Наваполацак

Напісаць каментар

Адправіць каментар


один + девять =

Апошнія артыкулы