logo piligrymka





Прага


Odnoklassniki VKontakte Facebook Twitter Mail.ru ← падзяліцеся ў сацыяльных сетках з сябрамі

Мала ёсць гарадоў у Еўропе, якія пры сваім узнікненні атрымалі ў дар такое прыгожае месцазнаходжанне. Але перад тым, як горад стаў “златай Прагай”, прайшло шмат гадоў.
А пачыналася Прага на Градчанскім халме, дзе былі ўзведзены яе першыя старажытныя пабудовы. Верагодна, славяне, што засялялі даліну Влтавы, ставілі свае дамы і на іншых халмах, але Прага пачыналася менавіта тут. Гістарычныя сведчанні пра паселішча славян на тэрыторыі сучаснай Прагі адносяцца да VI ст. н. э. У 880-х гг. першы, вядомы па летапісах, чэскі княз Баржывы заклаў Град, які і сёння служыць рэзідэнцыяй прэзідэнта Чэхіі. Ахрышчаны ў Маравіі асветнікам славян Мяфодзіям, князь Баржывы пабудаваў на левым беразе Влтавы першы касцёл у гонар Найсвяцейшай Панны Марыі. Да нашых дзён касцёл не захаваўся, але і зараз у Празе можна бачыць прыклады раманскага стыля, які пераважаў у Чэхіі да сярэдзіны ХІІІ ст. Гэта ратонды Святога Крыжа, Святога Марціна, Святога Лангіна, а таксама касцёл Святога Йіржы – самы прыцягальны з раманскіх будынкаў гораду, нягледзячы на тое, што адзін яго фасад і перароблены ў стылі барока.
У Х ст. Прага становіцца сталіцай Чэскай дзяржавы, а ў ХІІІ ст. на правам беразе Влтавы ўзнікае Стары Горад, што склаўся з невялікіх шляхецкіх сядзібаў і купецкіх дамоў. Самым маленькім гістарычным раёнам Старога Гораду з’яўляецца Вышеград. Згодна паданню, ён быў закладзены яшчэ да Пражскага града ваеводам Кракам, пераемнікам прабацькі Чэха. Пазней на Пражскім Градзебыў пабудаваны замак-рэзідэнцыя князёў Пржэмыславічаў, але хутка яго змяніў іншы замак, што вырас на супрацьлеглым беразе Влтавы і паступова стаў цэнтрам каралеўскай улады.
Праз 50 гадоў побач з Пражскім градам з’яўляецца яшчэ адзін горад, пазней названы Малая Страна. У XIV ст. каля дарогі, што вяла да Пражскага Града, былі заснаваны Градчаны, а пры карале Карле IV да іх далучыўся Новы горад на правам беразе Влтавы. Тым самым да сярэдзіны XIV ст. была вызначына тэрыторыя гістарычнага ядра Прагі, якая пасля без змен існавала на працягу цэлых шасці стагоддзяў.
У 1784 г. гэтыя гістарычныя раёны Прагі, што на працягу доўгага часу заставаліся самастойнымі, імператар Іосіф ІІ “сабраў” у адзіны горад. У кожнага з іх да таго часу была ўжо свая асабістая гісторыя, бо Прага належыць да старажытнейшых гарадоў Еўропы. Ужо тысячу гадоў назад купцы і падарожнікі распавядалі пра яго, як пра цуд. Пра каменную прыгажосць Прагі казалі яшчэ ў сярэдзіне Х ст. Так, напрыклад, Ібрагім ібн Якуб, пасол халіфа Кардовы, падарожнік і купец, у 965 г. адзначаў у сваім дзённіку: “ Горад Прага пабудаваны з камянёў і вапны і з’яўляецца самым вялікім кірмашом славянскіх земляў ”.
Другім архітэктурным стылем, якім характарызуецца Прага, стала готыка. Звязаны гэты архітэктурны стыль у першую чаргу з іменем Карла IV, што праславіўся ва ўсёй Еўропе сваім будаўніцтвам. Пры ім у горадзе з’яўляецца мост, які спалучыў берагі Влтавы недалёка ад Пражскага Града. Карлаў мост размяшчаўся на старажытнай каралеўскай дарозе, па якой кароль адпраўляўся ад гарадской брамы да сваёй рэзідэнцыі на Пражскі Град.
Карлаў мост перажыў стагоддзі, быў сведкам гістарычных падзей і заставаўся нязменна любімым усімі на працягу доўгага часу.
Калі 520-метровы мост быў толькі пабудаваны, на ім не было ніводнай скульптуры. Толькі драўляны крыж быў усталяваны ў месцы, дзе адбываліся пакаранні злачынцаў. На сённяшні дзень Карлаў мост упрыгожаны трыумфальнай аркай і сапраўднай галерэяй скульптур, выкананых у стылі барока.
Праз Карлаў мост можна прайсці да Стараместскай плошчы. Вуліцы каля плошчы такія маленькія, што пісьменнік К. Чапек напісаў пра адну з іх: “Вуліца такая вузкая, што вослік не пройдзе па ёй, калі растапырыць вушы ”.
На Стараместскай плошчы знаходзіцца і пражская Ратуша са сваёй сваяасаблівай вежай. Паданні кажуць, што некалі шпілі на вежы былі пакрытыя золатам і зіхацелі ў праменнях сонца разам з іншамі залатымі вежамі. З тых часоў і пайшла назва «Злата Прага”. Навуковец Бальцана, які жыў у ХІХ ст., палічыў усе пражскія вежы, і тады іх назбіралася 103, а ў сённяшняй Празе іх значна больш.
Прага ста вежаў, Прага музычная, залатая Прага. Самі пражане кажуць, што той, хто раз бачыў Градчаны ці Златую вулачку, на якоў у сярэднявеччы жылі ювеліры і алхімікі, хто шпацыраваў па старажытным плошчам і вуліцам чэскай сталіцы, той ніколі яе не забудзе. Распавядаюць, што чэскага патрыёта Юліуса Фучыка фашысты перад смерцю доўга вазілі па пражскім вуліцам, таму што Прага – гэта горад, якім спакушаецца сэрца чалавечае.

Напісаць каментар

Адправіць каментар


× пять = тридцать

Апошнія артыкулы