logo piligrymka





Хрысціянскае сёння. Тэзэ — месца, дзе сустракаюцца народы.


Odnoklassniki VKontakte Facebook Twitter Mail.ru ← падзяліцеся ў сацыяльных сетках з сябрамі

Значэнне слова «Тэзэ» многім вядомае. Агульнаеўрапейская моладзевая сустрэча стала ўжо традыцыяй. Сёлета яна адбудзецца ў іспанскай Валенсіі.

Агульнаеўрапейская моладзевая сустрэча праходзіць штогадова ў адным з еўрапейскіх гарадоў і збірае моладзь (ад 17 да 35 гадоў) з усяго свету. Сустрэча адбываецца пасля святаў Божага Нараджэння і ўключае супольныя малітвы і размовы на евангельскія тэмы.

Моладзь розных хрысціянскіх канфесій Беларусі таксама актыўна ўдзельнічае ў сустрэчах Тэзэ. Як правіла, арганізацыя паездак пачынаецца за некалькі месяцаў да сустрэчы.

Праграма Тэзэ заўсёды насычана цікавымі падзеямі. Моладзь дзеліцца на невялікія групкі і ўдзельнічае ў малітвах, а таксама знаёміцца з вернікамі мясцовых парафій — іх жыццём і звычаямі. Групы жывуць падчас сустрэчы ў мясцовых хрысціянскіх сем’ях. На дзённую малітву звычайна ўсе групы збіраюцца ў адным месцы.

Месца малітвы

Агульнаеўрапейская моладзевая сустрэча — гэта ў першую чаргу месца малітвы. Ранішнія, дзённыя і вячэрнія малітвы спалучаюцца з разважаннямі над Божым словам у цішыні, абмеркаваннем яго ў групах, а таксама вячэрнім чуваннем з песнямі.

 «Падчас малітваў адчуваецца еднасць паміж людзьмі, якія па-рознаму размаўляюць і выглядаюць, але ўсіх аб’ядноўвае Хрыстус. Калі разумею, што ў дадзены момант тысячы чалавек разважаюць над адным і тым жа ўрыўкам Евангелля, моляцца ў адной інтэнцыі, адчуваю сябе часткай вялікага паўсюднага Касцёла», — дзеліцца Юлія Дубіна з Баранавіч.

Удзельніца трох сустрэч Тэзэ дадае, што найбольш у такіх сустрэчах ёй падабаецца момант цішыні: 

«Падчас малітвы кожны разумее, што патрэбна суцішыцца. Дзякуючы спевам, усе пачынаюць настройвацца як бы на адну хвалю. Момант, калі мы 10 хвілін застаемся моўчкі — гэта супакой, гэта сустрэча з Асобай, гэта радасць».

Месца адзінства

Тэзэ — гэта месца, дзе збіраюцца вернікі розных канфесій. Супольнасць стараецца вітаць у сваіх сценах людзей і традыцыі з розных куткоў Зямлі. Спевы і малітвы падчас сустрэчы выконваюцца на розных мовах.

«Я заўсёды выступаў за аб’яднанне хрысціянскіх канфесій, заўсёды імкнуўся і па магчымасці садзейнічаў гэтаму аб’яднанню… На сустрэчах Тэзэ поўнае адлюстраванне таго, што мы адзіныя, — не толькі як хрысціяне, але і як людзі ў цэлым, адзіныя як веруючыя і адзіныя як народ», — зазначае ўдзельнік і арганізатар паездак на Тэзэ Павел Міцкевіч з Брэста.

Валерый Баброўскі з Мінска таксама ўспамінае пра атмасферу дабрыні і еднасці, што пранізвае такія сустрэчы: «Калі хтосьці з вас страціў глебу з-пад ног ад жорсткасці свету — трэба з’ездзіць на сустрэчу Тэзэ. Для мяне гэтыя сустрэчы значаць вельмі многа. Гэта магчымасць убачыць лепшых людзей. Чаму лепшых? Ну не могуць быць дрэннымі тыя, хто ідзе па жыцці з Хрыстом. У іх прыгожая душа! Ну і, канешне, пілігрымка на сустрэчу моладзі Тэзэ — гэта таксама магчымасць пабачыць Еўропу і сустрэць Новы год у малітве — не так, як сустракаюць многія зараз. Гэта добрая альтэрнатыва! Можна быць сучасным і глыбока веруючым адначасова. Такія сустрэчы гэта добра адлюстроўваюць».

Месца яднання народаў

Сустрэча Тэзэ — гэта і месца яднання народаў. Гэтая еднасць асабліва адчуваецца на Новы год, калі адбываецца «Ноч народаў». Падчас тэматычнага вясёлага вечара моладзь з кожнай краіны павінна творча прадставіць сябе. Гэта могуць быць песні, танцы, сцэнкі і г.д.

«Хтосьці спяваў, хтосьці праводзіў гульні… Калі быў толькі адзін чалавек ад краіны, ён усё роўна выходзіў і прадстаўляў. Гэты вечар у мяне асацыюецца з радасцю, таму што было вельмі рухава і весела. Ад Беларусі мы ў мінулым годзе праспявалі нашую калядку, а яшчэ на тым вечары я пазнаёміўся з адной цікавай беларускай гульнёй — “цяцерка” называецца», — успамінае Уладзімір Крупенка з Гродна.

Супольнасць Тэзэ была заснавана ў Францыі ў 1940 годзе. Яе стваральнік — брат Ражэ Шутц — пераехаў у Францыю са Швейцарыі. Манах кіраваў супольнасцю да сваёй смерці 16 жніўня 2005 г. Брат Ражэ хацеў стварыць супольнасць, заснаваную на «асноўных рэальнасцях Евангелля», якімі з’яўляюцца простасць і дабрыня сэрца.

Сёння ў супольнасць уваходзіць больш за сто манахаў розных нацыянальнасцяў. Гэта прадстаўнікі каталіцтва і пратэстантызму. Жыццё манахаў праходзіць у малітве і хрысціянскім разважанні. Тэзэ стала своеасаблівым цэнтрам экуменізму, які штогод прыцягвае тысячы людзей з розных краін.


Марына Валасар

catholic.by

Напісаць каментар

Адправіць каментар


два − = ноль

Апошнія артыкулы