logo piligrymka





Гісторыя i мэты руху Тэзэ


Odnoklassniki VKontakte Facebook Twitter Mail.ru ← падзяліцеся ў сацыяльных сетках з сябрамі

Тэзэ (фр. Taiz?) – хрысціянская экуменічная абшчына ў вёсцы Тэзэ, якая знаходзіцца ў французскім дэпартаменце Сона і Луара, у Бургундыі.

Абшчына была заснавана ў 1940 г.  Братам Ражэ (Ражэ Шутц), які пераехаў у Францыю са Швейцарыі, і заставаўся яе кіраўніком да сваёй смерці 16 жніўня 2005 г. Пакутуючы на цяжкую форму сухотаў, брат Ражэ пасля працяглых роздумаў прыняў рашэнне стварыць абшчыну, якая магла б жыць «асноўнымі рэальнасцямі Евангелля – прастатой і дабрынёй сэрца».

У гады Другой сусветнай вайны ў выніку пакупкі закінутага дома з прыбудовамі быў арганізаваны «перавалачны пункт» для дапамогі бежанцам і габрэям, якія хаваліся ад фашыстаў. Аднак увосень 1942 г. гэты цэнтр быў раскрыты, і брат Ражэ быў вымушаны збегчы. У 1944 г. ён вярнуўся, і да яго далучылася некалькі іншых братоў. Так было працягнута жыццё абшчыны.

У цяперашні час абшчына складаецца з больш чым ста манахаў розных нацыянальнасцяў, якія прадстаўляюць пратэстанцкія і каталіцкія галіны Хрысціянства. Жыццё ў абшчыне засяроджваецца на малітве і хрысціянскім разважанні. Маладыя людзі з усіх кантынентаў наведваюць Тэзэ кожны тыдзень, каб удзельнічаць у яго жыцці. Малітва ў Царкве Згоды ў Тэзэ спарадзіла ўнікальны стыль богаслужбовай музыкі, якая адлюстроўвае духоўную прыроду абшчыны. Спевы Тэзэ пабудаваныя на простых фразах, звычайна ўзятых з псалмоў або іншых частак Святога Пісання, паўтораных і праспяваных па звычайным для еўрапейскай царкоўнасці каноне. Паўтарэнне прызначана для таго, каб дапамагчы разважанню і малітве. Ордэн, хоць і з’яўляецца заходнееўрапейскім па паходжанні, але імкнецца вітаць людзей і традыцыі з усіх канцоў зямнога шара. Гэты інтэрнацыяналізм увасабляецца ў музыцы і малітвах, дзе песні выконваюцца на многіх мовах. Вялікую вядомасць атрымаў адмысловы стыль спеваў абшчыны, выпрацаваны Жакам Берцье. Гэта кароткія музычныя фразы, якія рытмічна паўтараюцца да 15 разоў і перамяжаюцца кароткімі перыядамі маўчання. Затым надыходзіць кульмінацыя – 10-хвіліннае маўчанне.

Абшчына Тэзэ з’яўляецца важным экуменічным цэнтрам для хрысціянскага паломніцтва, прыцягваючы многія тысячы людзей, якія наведваюць яго кожны год самастойна і групамі да шасці тысяч чалавек за тыдзень. Тыднёвыя міжнародныя сустрэчы моладзі (для людзей 17–35 гадоў) – прыярытэт абшчыны. Яны ўключаюць размовы ў малых групах на евангельскія тэмы і ўсеагульныя малітвы.

На працягу трыццаці апошніх гадоў у канцы года, як раз на Новы Год, праводзяцца масавыя сустрэчы для моладзі ў адным з буйных еўрапейскіх гарадоў. Напрыклад, ў 2007 г. такая сустрэча прайшла ў Жэневе – калысцы абшчыны Тэзэ, а ў 2008 г. у Бруселі. Месцам сустрэч у 2009 г. быў абраны польскі горад Познань. У 2010 г. сустрэча Тэзэ прайшла ў галандскім горадзе Ратэрдаме. А ў 2015 г. сустрэча адбудзецца ў Валенсіі.

Мэты руху Тэзэ.

У аснове Тэзэ ёсць імкненне да Царквы. Менавіта таму абшчына ніколі не хацела стварыць арганізацыю, сканцэнтраваную на сваім папаўненні, а хутчэй пасылаць маладых людзей назад ад сустрэч моладзі да сваіх мясцовых Цэркваў, да іх парафіі, абшчыны, сяброў і знаёмых, каб распачаць «паломніцтва даверу на Зямлі» . У многіх кутках свету гучаць экуменічныя малітвы, арганізаваныя людзьмі, маладымі і ва ўзросце, хто быў у кантакце з абшчынай, з выкарыстаннем музыкі  Тэзэ.

Афіцыйны сайт абшчыны Тэзэ: http://www.taize.fr/be/

Напісаць каментар

Адправіць каментар


семь × = сорок два

Апошнія артыкулы