logo piligrymka





Вена – Рым. Пілігрымка


Odnoklassniki VKontakte Facebook Twitter Mail.ru ← падзяліцеся ў сацыяльных сетках з сябрамі

Пра пілігрымку да Ватыкана і сайт piligrymka.by я даведалася выпадкова, патануўшы ў сутонні сусветнага павуціння. Жаданне дакрануцца да святыні ўзнікла адразу, і падсвядома кіравала маімі далейшымі справамі. Так шчасліва склалася, што ўсе перашкоды і праблемы вырашыліся да часу, і мы разам з дачушкай Юлькай выправіліся ў цудоўнае падарожжа: Чэнстахова-Вена-Рым-Ватыкан-Венецыя.
Я пэўна адзіная з усёй групы не цікавілася, дзе мы будзем спаць і што есці, настолькі гэта было для мяне неістотна. Чалавеку так няшмат трэба, каб не памерці: вада, сонца, трошкі хлеба. Я ехала, каб адкрыць для сябе новыя мясціны, людзей, пагрэцца на сонцы, адчуць момант спаткання са святыняй, яшчэ раз перажыць радасць навяртання.
Першым прыпынкам была Чэнстахова.
Цяпер, праз прызму Ватыкана, яна падаецца мне цёплай і па-хатняму ўтульнай, гасцінай гаспадыняй, шчыра вітаючай усіх пілігрымаў. Мы мелі шчасце пабачыць Абраз Маці Божай Чэнстаховай, памаліцца у каплічцы. Імшу цэлебраваў наш айцец Юры. Яго пранікнёныя словы, народжаныя любовю да Беларусі, кранулі глыбока маё сэрца. Ніколі іх не забуду, як лампадка, аднойчы запаленая, не згасне у маёй душы.
Потым была Вена. Крыху фанабэрыстая прыгажуня ва ўрачыстым кужэльна-залатым строі з шыкоўнай фрызурай. Ніводнага аднолькавага будынка, вуліцы, помніка. Хофбург, Ратуша, Оперны тэатр неслі сваё хараство, не перакрыкваючы адно аднаго, розныя і непаўторныя ў велічы, як каштоўныя камяні, нанізаныя на пацеркі.
Вена не была знішчана падчас Другой сусветнай вайны. На такую прыгажосць не паднялася рука нават у фашыстаў, яны адмовіліся выконваць нялюдскі загад узрываць цэнтр горада. Мы незлічоную колькасьць колаў нарэзалі вакол Сабора Св. Стэфана. Найцудоўнейшы гатычны храм, першая капліца на гэтым месцы пабудавана у ХІІ ст, сучасны храм у 1510-м, дарэчы, будоўля лічыцца няскончанай, але гэта не замінае нікому. Акрамя набажэнстваў, у храме ладзяцца і канцэрты. У блуканні па горадзе мяне суправаджалі пахі дарагой парфумы, кветак, смачнага, па-майстэрску ўпрыгожанага печыва і — нечакана? — конскага гною, усё гэта дзіўным чынам складала букет. Між іншым у Хофбурге месціцца элітная школа верхавой язды, так што коні ў венскай сталіцы не толькі для забавы. Самі венцы цалкам адпавядаюць свайму гораду, не мітусяцца, не крычаць і не размахваюць рукамі, рухаюцца паволі, мусіць у іх галовах круціцца бясконцая кружэлка з венскім вальсам. Я засталася у захапленні ад чыстай вады, паветра, венскай кавы і цукерак. Дарэчы, венцы, не шкадуюць электрычнасці на асвятленне вітрын уначы.
Вечны горад. Тут кожны камень дыхае гісторыяй. Італьянцы не робяць дзікунскай рэстаўрацыі, не перафарбоўваюць свае помнікі, а ўжываюць тэхналогію кансервацыі, між іншым, даволі дарагую, і іхнія сведкі гісторыі выглядаюць як жывыя.
Яны ўсе жывуць кожны сваім жыццём, старыя і сучасныя палацы і гатэлі, плошчы і вулачкі, і італьянцы, не звяртаючы асаблівай увагі на культурны слой пад нагамі, шпацыруюць па горадзе. Мы былі у базыліцы Св. Клемента, абышлі вакол Калізея, Форума, Пантэнона, кідалі манеткі у фантаны Трэві. Усё цікава, толькі самі мясцовыя жыхары пакідаюць не вельмі прыемныя ўспаміны. Не хочацца нікога крыўдзіць, але параўнанне з гжэчнымі аўстрыякамі не на карысць італьянцам. Часткова Італія нагадала мне каханую айчыну: у кавярні можна было нарвацца на паўпрыкрытую знявагу, прыбіральня магла «парадаваць» адсутнасцю вады і туалетнай паперы, а то і ўвогуле быць зачыненай. Парада сцерагчы свае рэчы і вялізарная колькасць на вуліцах міліцыянтаў таксама вяртала з нябёсаў на грэшную зямлю. Але нашы позіркі усё ж былі скіраваны вакол сябе і ўверх. Нашы экскурсаводы, Алёна і Андрэй, дапамагалі стварыць узнёслую атмасферу святога месца. Вялікі ім дзякуй за гэта.
Падняцца па Святой лесвіцы у Рыме! Пасля гэтага я лётала як на крылах, адчула сябе настолькі вольнай і шчаслівай, як ніколі. Нават і стомленасці як не было.
На наступны дзень мы дасягнулі галоўнай мэты свайго падарожжа — Ватыкана. Прабачце, не буду апісваць свае уражанні.
Стасункі з Богам ёсць самай інтымнай часткай нашага жыцця. Мы маліліся на месцы пахавання нашага Св. Язафата Кунцэвіча у базыліцы Св. Пётры. Кожны аб сваім, я веру — наша супольная малітва дапяла да Пана Бога.
У зваротны шлях мы паехалі праз Венецыю. Каляровая музычная шкатулка. Горад без машын, ровараў і байкераў. Каналы і гандолы, цудоўны пах марской вады, у якой я з задавальненнем памыла свае ножкі, як рабілі старажытныя заваёўнікі, а можа, яны рабілі штосьці іншае, толькі вада не змянілася з тых часоў і шмат чаго яшчэ, і кавярня на плошчы Св. Марка, і палац Дожаў і сам сабор Св. Марка. У мяне перахапіла дых, калі я убачыла сабор. Зашмат прыгажосці і золата і яскравых фарбаў для невялічкага па памерах храма, бо вялікі бы сышоў пад ваду, але разумееш што не бывае зашмат хараства. Вяртанне з выраю.
Час прамінуў хутка, і цудоўнае падарожжа скончылася. Усяго толькі тыдзень казачных прыгодаў, але засталіся фоты, успаміны, запаленае святло, і надзея на наступную сустрэчу.
Шчырае дзякуй айцу Юрыю і айцу Вячаславу за іхнюю працу, няпростая справа — ладзіць такія пілігрымкі, розныя людзі, розныя праблемы. Ня буду казаць за ўсіх, мы з дачушкай вярталіся шчаслівыя, задаволеныя і узмоцненыя, з верай і надзеяй. Вялікі дзякуй.
 

Анжаліка Камбалава, Баранавічы, 30 верасня 2010

Напісаць каментар

Адправіць каментар


четыре × три =

Апошнія артыкулы