logo piligrymka





Сабор Святога Стэфана (Вена).


Odnoklassniki VKontakte Facebook Twitter Mail.ru ← падзяліцеся ў сацыяльных сетках з сябрамі

На Саборнай плошчы Вены амаль на 140 м. уверх паднялася вежа сабора Святога Стэфана, які венцы палюбоўна называюць “Штэфель”. Гэты цэнтр і сімвал Вены з’яўляецца буйнейшым гатычным саборам Аўстрыі: ён ёсць амаль на ўсіх венскіх сувенірах і выклікае нязменнае захапленне пілігрымаў і турыстаў. З часоў сярэднявечча сабор быў месцам пахавання каралёў, імператараў, епіскапаў, знакамітых людзей. Тут пахавана шмат дзеячоў не толькі аўстрыйскай, але і сусветнай гісторыі.
Патронам сабора з’яўляецца Святы Стэфан, першы пакутнік за Хрыста, які быў адным з сямідзесяці апосталаў абраных апосталам Пятром для дапамогі жабракам і абвяшчэння хрысціянства. Ён прыняў пакутніцкую смерць (Стэфана забілі камянямі) прыблізна ў 35 г. н.э. Па выразу Астэрыя, ён быў “тым, хто пачаў пакутніцтва, настаўнік пакут за Хрыста, заснавацель добрага спавядання, бо перш за Стэфана ніхто не праліваў крыві сваёй за Евангелле”.
Сабор у Вене ў гонар гэтага святога быў закладзены ў ХІІ ст. на аснове базілікі, пабудаванай на месцы раманскага капішча, і быў тады цэнтрам горада. Пажар 1258 г., знішчыўшы большую частку горада, разбурыў і сабор, і да пачатку ХІV ст. на рэштках базілікі вырас новы гатычны будынак, які уражвае сваімі памерамі: дліна храма 107 м, шырыя – 34 м, “Штэфель” мае чатыры вежы, самая высокая з якіх складае 136, 4 м.
Але яшчэ доўгія дзесяцігоддзі сабор дабудоўваўся, перабудоўваўся і паднаўляўся. Акружаны з усіх бакоў гарадской забудовай, храм амаль немагчыма ахапіць поглядам у поўнай меры, а з блізкай адлегласці можна ўбачыць толькі яго велічыню. Сцены “Штэфеля” падпіраюць вялікія контрфорсы. Шматлікія гатычныя дэталі падкрэсліваюць накіраванасць храма ўверх, да неба, яго манументальнасць. Дах будынка складзены з 230 000 рознакаляровых даховак. Ёю выкладзеныя выявы нацыянальнага герба Аўстрыі і герба горада Вены.
Сабор славіцца сваімі званамі, якіх 23, і кожны з якіх мае сваю роль. Самы вялікі звон паўночнай вежы Пуммерын (другі па памерах ва ўсёй Еўропе), масай у 21 383 кг працуе толькі 11 разоў у год – па вялікім святам, у дзень асвячэння сабора (23 красавіка) і ў навагоднюю ноч; самы працяглы, дзесяціхвілінны, звон адзначае смерць і інтранізацыю Папы і венскага архіепіскапа.
У красавіку 1945 г. ў час баёў у Вене храм быў ахоплены пажарам, які цягнуўся 3 дні. Разбурыліся верхнія часткі будынка, зваліўся вялікі звон, моцна пацярпеў інтэр’ер сабора. Жыхары горада затушылі пажар, але шматлікія дэталі назаўсёды загінулі.
Праз 7 гадоў пасля рэстаўрацыі “Штэфель” быў зноў асвечаны, але працы па яго аднаўленню працягваліся яшчэ больш за 10 гадоў.
Сёння сабор Святога Стэфана цалкам адноўлены, і новыя кладкі і архітэктурныя дэталі храма практычна немагчыма адрозніць ад новых.

Напісаць каментар

Адправіць каментар


пять − один =

Апошнія артыкулы