logo piligrymka






Вытокі пілігрымак і санктуарыяў


Odnoklassniki VKontakte Facebook Twitter Mail.ru ← падзяліцеся ў сацыяльных сетках з сябрамі

Летні перыяд для многіх католікаў Беларусі — час пілігрымак да санктуарыяў Маці Божай, якімі багаты наш край з даўніх часоў. У паломніцтвы выбіраюцца людзі розных узростаў і з рознымі малітоўнымі намерамі. Сама традыцыя пілігрымак вядомая з даўнейшых часоў. Паломніцтвы былі і ёсць у розных рэлігіях і культурах. Калі гаварыць пра хрысціянскую традыцыю пілігрымак, то даследчыкі кажуць, што яна бярэ свой пачатак яшчэ з біблейскіх часоў. У старазапаветныя вякі юдэі вандравалі на Пасху ў Ерузалем, дзе знаходзілася адзіная святыня Бога. У новазапаветныя часы вызнаўцы Хрыста пачалі выпраўляцца ў паломніцтвы па Святой Зямлі — мясцінах, звязаных з жыцём Божага Сына.

У 638 г. тэрыторыя Палестыны была захоплена мусульманамі і пілігрымкі ў Святую Зямлю рэзка скараціліся. Гэта паўплывала на тое, што пачалі развівацца рэгіянальныя пілігрымкі да святых месцаў (санктуарыяў). Сярод іх найбольш значнымі ў каталіцкім свеце сталі пілігрымкі да грабніц апосталаў.

Найбольш папулярнымі сталі пілігрымкі ў Рым, дзе знаходзяцца грабніцы адразу двух найбольш значных апосталаў — святых Пятра і Паўла. Акрамя таго, Рым вабіў пілігрымаў як Апостальская Сталіца — святы горад, сталіца хрысціянства з мноствам касцёлаў, санктуарыяў святых і мучанікаў за веру. Таксама вялікай папулярнасцю пілігрымаў стала карыстацца месца пахавання апостала Якуба ў Санц’яга-дэ-Кампастэла (Іспанія).

У XVI ст. вялікай папулярнасцю пачалі карыстацца пілігрымкі да санктуарыяў Маці Божай. Найбольш значныя і шанаваныя пілігрымамі абразы Багародзіцы пачалі ўвенчваць аздобленымі каронамі.

Сама традыцыя каранавання цудадзейных выяваў святых была вядомая яшчэ з IV ст. хрысціянства, калі адбылася каранацыя абраза св. Агнешкі ў Рыме. Але менавіта ў XVI ст. яна набыла новае жыццё. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што імпульсам да гэтага была ўрачыстая каранцыя абраза Маці Божай Снежнай (Salus Populi Romani) у базыліцы «Santa Maria Maggiore» ў Рыме ў 1527 г. Яе здзейсніў Папа Клемент VIII.

Традыцыя каранавання марыйных выяваў была хутка перайнята ў Рэчы Паспалітай. Тым больш, што на нашых землях найбуйнейшымі цэнтрамі паломніцтваў былі менавіта цудадзейныя абразы Божай Маці. Першая каранацыя ў Рэчы Паспалітай адбылася ў 1651 г., калі папскі нунцый увянчаў у Варшаве абраз Маці Божай Ласкавай. Пасля былі каранаваныя іконы Маці Божай у Чэнстахове, Тракаі, Кодані, Сокале і Падкамені.

Урэшце ў 1730 годзе адбылася першая каранацыя марыйнай іконы на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Папскія кароны былі ўскладзеныя на абраз Маці Божай Жыровіцкай. Па сённяшні дзень гэтая ікона карыстаецца вялікай малітоўнай пашанай не толькі сярод католікаў і праваслаўных Беларусі, але таксама вернікаў Рыма. Там копія абраза Маці Божай Жыровіцкай у выглядзе фрэскі была адкрыта пад тынкамі муру ў 1718 г. у касцёле святых Сяргея і Бакка. Перанесеная ў галоўны алтар, фрэска ўшаноўваецца рымлянамі як Мадонна дэль Паскола.

Наступная каранацыя абраза Маці Божай на беларускіх землях адбылася ў 1761 г. у Бялынічах — буйным тагачасным паломніцкім цэнтры. Да апошняга часу гэтая ікона лічылася страчанай. Выпадкова яна была знойдзеная за бакавым алтаром у касцёле ў Новай Мышы (Баранавіцкі р-н). Пакуль што эксперты не ўпэўнены ў тым, ці знойдзены абраз з’яўляецца арыгіналам, ці толькі невядомай найстарэйшай копіяй іконы. У сваю чаргу вернікі сведчаць аб цудах аздараўленняў, якія зведваюць молячыся праз заступніцтва Маці Божай Бялыніцкай перад гэтым абразом у навамышскім касцёле.

На працягу XIX–XX стагоддзяў пілігрымкавы і каранацыйны рух на беларускіх землях трапіў у заняпад у сувязі з жорсткім пераследам Касцёла ва ўмовах Расійскай Імперыі, а пасля — Савецкага Саюза. Вернікі, на колькі маглі, пакрыёма падтрымлівалі пілігрымкавы рух да старадаўніх і новых санктуарыяў. Вельмі сімвалічнай і важнай падзеяй была каранацыя іконы Маці Божай Вастрабрамскай у Вільні ў 1927 годзе. Гэты паломніцкі цэнтр дачакаўся свайго каранацыйнага адзначэння адразу пасля вызвалення Вільні ад расійскага прыгнёту.

Адраджэнне Касцёла ў Беларусі пасля савецкіх ліхалеццяў спрыяла адраджэнню пілігрымкавага руху да марыйных санктуарыяў і каранацый найбольш шанаваных іконаў. Так, у 1996 годзе адбылася каранацыя абраза Маці Божай Брэсцкай, у 1997 г. — Маці Божай Лагішынскай, у 1998 г. — Маці Божай Будслаўскай, у 2005 г. — Маці Божай Кангрэгацкай (Гродна, катэдральны касцёл), у 2009 г. — Маці Божай Тракельскай.

Штогадовыя пілігрымкі да санктуарыяў Маці Божай збіраюць тысячы вернікаў з розных старонак Беларусі. Кожны з цудадзейных абразоў Багародзіцы з’яўляецца не толькі сведкам магутнага дзеяння Божай ласкі, але таксама гаворыць аб багатай хрысціянскай гісторыі гэтага краю і народа.

Надыходзячая пара пілігрымак можа стаць не толькі нагодай да адмысловага малітоўнага спаткання і сведчання веры. Святыя дні паломніцтва могуць быць таксама часам сустрэчы і знаёмства з багатай хрысціянскай спадчынай роднага краю.

Кс. Андрэй Рылка

catholic.by

Напісаць каментар

Адправіць каментар


− два = четыре

Апошнія артыкулы