З 28 снежня 2013 года па 1 студзеня 2014 года ў Страсбургу (Францыя) і ў памежным рэгіёне ў Бадэне (Германія) адбудзецца 36-я Еўрапейская сустрэча моладзі. У ёй прымуць удзел больш за 500 маладых людзей з Беларусі.
З Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі на сустрэчу плануюць прыбыць каля 100 чалавек. Каля 200 удзельнікаў збіраюцца прыехаць з Гродзенскай дыяцэзіі (з Гродна, Ліды, Ваўкавыска, Смаргоні і іншых мясцін) і прыкладна столькі ж – з Пінскай (з Пінска, Брэста, Баранавіч). Каля 20 чалавек прыбудуць з Віцебскай дыяцэзіі.
Прыёр экуменічнай супольнасці з Тэзэ брат Алаіз Лозэр паведаміў, што сустрэча будзе праходзіць па абодвух баках мяжы Францыі і Германіі, у горадзе, які з’яўляецца сімвалам еўрапейскага прымірэння, сімвалам адкрытай і салідарнай Еўропы. «Мы будзем прыняты ў Эльзасе, на французскім баку, і ў Бадэне — на нямецкім», — сказаў брат Алоіз.
35-я Еўрапейская сустрэча моладзі, арганізаваная экуменічнай супольнасцю з Тэзэ, праходзіла з 28 снежня 2012 г. па 2 студзеня 2013 г. у Рыме. Удзел у ёй прынялі больш за 40 тысяч маладых асоб, у тым ліку 1450 пілігрымаў з Беларусі.
Еўрапейскія сустрэчы моладзі праходзяць у межах «пілігрымкі даверу» па зямлі, якую здзяйсняе супольнасць з Тэзэ. Сустрэчы ўключаюць ранішнія малітвы, абмен думкамі ў групах, тэматычныя размовы пра духоўнае жыццё, культуру і грамадства, малітву аб міры і «свята народаў» напярэдадні Новага года. Супольнасць з Тэзэ імкнецца дапамагаць моладзі на шляху да паглыблення веры і заахвочвае да ўдзелу ў жыцці сваіх лакальных Касцёлаў.
www.catholic.by