logo piligrymka





Падарожжы. Пілігрымка ў Люрд.

Кёльнскі сабор.

Паездка ладзілася мінулым летам. Арганізатары – браты-ксяндзы зь Віцебскай дыяцэзіі Вячаслаў і Юрый Барокі – аформілі неабходныя дакументы (візы і т. п., неабходна было толькі своечасова здаць ім дакументы і патрэбную суму). І вось мы ў Менску. Прыемная сустрэча з ксяндзамі Вячаславам і Юр’ем, іншымі ўдзельнікамі пілігрымкі…
 
Памежныя і мытныя працэдуры занялі 2 гадзіны. Наш аўтобус едзе па Польшчы. Заначавалі ў гатэлі у невялікім горадзе Слубіцэ, на мяжы зь Нямеччынай. Гэта на Одэры, насупраць нямецкага Франкфурта.

Кёльн
 
Назаўтра ўехалі ў Нямеччыну. Адразу кідаюцца ў вочы цэлыя гаі ветракоў – генератараў электраэнергіі, бяскрайнія палі пшаніцы і квітнеючыя акацыі ўздоўж дарог. А яшчэ, усе гарады маюць аб’яздныя дарогі. Доўгі пераезд па шыкоўных аўтабанах да Кёльна. Але і на тых аўтабанах нямала дарожных затораў, таму ў Кёльн уехалі ўвечары. Знакаміты на ўвесь сьвет Кёльнскі Сабор якраз у гэты час зачыніўся. Агледзелі яго толькі звонку. Штогод урад выдаткоўвае 10 млн. эўра на падтрыманьне сабора ў належным стане. Увечары каля сабора граў на раялі, на спецыяльным памосьце, прафэсыйны піяніст.
Крыху ніжэй адзін з сымбаляў “арыйскага духу” – шырокі, павольны Рэйн. Побач сучасны чыгуначны вакзал. Праз Рэйн шматфункцыянальны мост. Непадалёку ад сабора раптам пачуўся… сьпеў салаўя?! Ці ня сухавая галюцынацыя? Прыгледзеўся. Не, не галюцынацыя! Маленькі крылаты музыка сядзіць на самым вільчыку старога пяціпавярховіка і рассыпае свае срэбныя трэлі.

Назаўтра ад’езд з Кёльна у 7:40. Хвілінаў праз 20 уехалі ў Бельгію. Праехалі ў аб’езд Льеж, Шарлеруа. Каля апоўдня – ў Францыі. Уражаньне ад краявіду, стану палёў, прыдарожных кювэтаў выклікае большую, у параўнаньні зь Нямеччынай і Бельгіяй, разбэрсанасьць, меней акуратнасьці, прылізанасьці. Нечым падобна на ўсходнюю Польшчу.

Парыж. Наша зямлячка

Луўр. «Піраміды Міттэрана».

Луўр. «Піраміды Міттэрана».

У Парыжы, крыху пакруціўшыся, спыніліся на плошчы Канкорд. Сам пляц, Елісейскія Палі, Луўр выклікаюць захапленьне сваёй веліччу і густоўнай архітэктурнай і ляндшафтнай пляніроўкаю. Цудоўны экскурс нашай беларускай экскурсаводкі Алены і кс. Юрыя.

Зласкавай згоды Алены дазваніўся зь яе тэлефона да “сьветлагорскай парыжанкі” Ганны Трубекі – выпускніцы Сьветлагорскай філіі Беларускага гуманітарнага ліцэя, зачыненага ўладамі. Дамовіліся зьвязацца і сустэцца ўвечары.

Дайшлі да Нотр-Даму. Мая жонка Данута з групай кабетаў пайшлі туды на імшу. А я сяджу і чакаю Ганну ва ўмоўленым месцы, куды падыйдзе і Дана пасьля імшы.

Ганна прыйшла першай. Разам дачакаліся Дануту і пайшлі глядзець вячэрні Парыж. Аня паказала Сарбону, дзе яна заканчвае вучобу, будынак Нацыянальнага Сходу.

Пасля – мост Пом дэ Арт (Мост мастацтваў), дзе зьбіраецца літаратурна-мастацкая багема і які так красамоўна апісаў беларускі пісьменнік Л. Дранько-Майсюк у кнізе “Стомленасьць Парыжам”. Толькі з гэтага мосту добра бачна, як Сена падзяляецца на два рукавы. Пасьля – Палац Кангрэсаў са шкляным дахам, Мост Аляксандра

Пом дэ Арт. Мост мастацтваў.

ІІІ-га, Елісейскія Палі ноччу.

Пікнік-вячэру зладзілі на лужку каля адной з апораў Эйфелевай Вежы. Падпісаў для Ані сваю кнігу. Разьвіталіся перад нашым ад’ездам апоўначы.

Бывай, пекны, густоўны, гасьцінны Парыж!

Люрд

Ехалі ўсю ноч. Абмінулі Клермон-Фэран – горад-пабрацім Гомеля, Тулузу. У Люрд уехалі пасля палудня. Засяленне ў гатэль “Атлянтык”, душ, абед, экскурсія ў горад і да бызылікі. Гаспадар і абслуга гатэлю – палякі, дамаўляцца было лёгка. Прайшлі з Данай “Крыжовым шляхам”, далучыўшыся да групы палякаў.

Дана засталася на імшы, я вярнуўся ў гатэль за фотаапаратам, пайшоў фатаграфаваць горад і храм.

Люрд. Старажытны замак.

Люрд – мястэчка надта маляўнічае, крутыя зьвілістыя вулкі зьбягаюць да моста праз магутную горную раку Паў. За ракою паўкілямэтровы газон-бульвар, за якім велічны храмавы комплекс, пабудаваны на пачатку 20-га стагодзьдзя ў стылі клясычнай готыкі. Храм цудоўна ўпісаны ў рэльеф адрогаў Пірэнейскіх гор. На другім беразе ракі, на высокай скале, стары магутны замак. Натоўпы пілігрымаў з усяго сьвету розных адценьняў скуры, гучыць шматмоўе… Чэргі за сьвятой вадою, якая цячэ з сучасных кранаў,

падведзеная ад  крыніцы. Вада смачная, як з горных ручаёў на Каўказе.

Увечары – імша ў  храме. Служаць нашыя ксяндзы Вячаслаў і Юрый, 45 хвілінаў. Пасьля велічнае, шматлюднае шэсьце са сьвечкамі вакол бульвара з заходам на ніжнюю тэрасу храма. Люду прыкладна, як на Будслаўскім фэсьце ў Беларусі – тысяч дваццаць.

Люрд. Санктуарый Маці Божай Люрдзкай.

Вяртаемся ў “Атлянтык”, пакуем у дарогу рэчы, дапіваем віно і – спаць.

Авіньён

Назаўтра рана ад’езд у Авіньён. Туман расьсеяўся, ззаду на поўдні бачны Пірэнэі з плямамі яшчэ не растаўшага сьнегу. Павярнулі на ўсход, затым на поўдзень да Міжземнага мора. Зьлева велічны, магутны замак Каркасон.

Бліжэй да палудня на раздарожжы паказалася затуманеная затока Міжземнага мора. Дарога на захад – на Барсэлёну, на ўсход – на Геную. Абмінаем Безье, Манпелье. Недалёка і да Авіньёна.

Даехалі ў 14 гадзінаў. Горад стаіць на р. Рона. Стары горад абнесены высокім 3-мэтровай таўшчыні мурам. Там, унутры храмы і рэзыдэнцыя колішніх Авіньёнскіх папаў-выгнаньнікаў. Пагулялі па верхняй пляцоўцы, фатаграфаваў панараму гораду і раку Рону. Вада ў рацэ чыстай не выглядае.

Авіньён. Рэзідэнцыя Папаў-выгнаньнікаў.

Толькі па вяртаньні дадому, чытаючы адзін з нумароў ARCHE, даведваюся, што тут, у Авіньёне, ў сярэдзіне 19-га стагодзьдзя жыў у выгнаньні пасьля падаўленьня польска-беларускага паўстаньня 1831 – 32 г.г. беларускі пісьменьнік і фальклярыст Аляксандар Рыпінскі.

Да месца начлегу даехалі к 20-ці. Там у рэстаране някепская вячэра. Адтуль пад’ехалі да пляжа і “адкрылі” купальны сэзон у Міжземным моры, у яго Ліёнскай затоцы. Вада празрыстая і цёплая. Гарадок Ля Сенье (Каля мора), гатэль “Прэм’ер-кляс”. Па шляху да гатэлю і пазьней на тэрасе гатэлю сьпявалі турысцкія песьні з кампаніяй менскіх і браслаўскіх спадарожнікаў.

 

Падуя

Лязурны бераг Міжземнага мора.

Назаўтра ўсталі ў 5:30. А электрычнасьці няма. Адключана нанач. Эканомія! Сабраліся ў ранішніх прыцемках. (Бліжэй да экватара сонца ўзыходзіць і разьвідняе заўважна пазьней, чым у нас.). Ад’езд у 8:00. Траса ўвесь час па Лязурнаму берагу. Мора то адкрываецца, то хаваецца за пагоркамі і прысадамі. Зьлева зарослыя лесам і кустоўем схілы невысокіх гор. Да апоўдня праехалі ўвесь Лязурны бераг (Тулон, Каны, Ніцу, Сан-Рэма, Монтэ-Карла) і перад Генуяй павярнулі налева, на поўнач у горы. Кіруемся ў бок Міляну. Траса па схеме: віядук – тунэль – віядук… І так увесь час. Увесь дзень сонца. На узьбярэжжы тэмпература + 25 – 26, на раўніне пасьля гор +35 (па тэрмомэтрах на трасе).  Абмінулі Мілян, Брэшыа, Верону, Вічэнцу. Увечары ўехалі ў Падую. Гатэль “Парк  Венэцыя”, 3-зоркавы. Нумар добры: душ, шырачэнны ложак, кандыцыянер, бідэ і г. д. Павячэралі. На дварэ гатэля на адкрытай галерэі пасьля вячэры пасядзелі кампаніяй за віном, пасьпявалі, пачытаў пару вершаў.

Падуя. Сабор Сьвятога Антонія Падуанскага.

Раніцой пасьля сьняданку пешкі дайшлі да бліжняга супэрмаркета. Неабходныя закупы: алей, кава, італьянскія віны… Экскурсія па Падуі. Першы аб’ект – сабор Св. Антонія Падуанскага. Ён будаваўся 67 год у XIII – XIV стагодзьдзях у Гонар Сьвятога Антонія Падуанскага – этнічнага партугальца, усё служэньне якога прайшло ў Падуі.  Затым Падуанскі універсітэт. Мемарыяльная дошка ў гонар Ф. Скарыны працы вядомага беларускага мастака Фелікса Янушкевіча (выстава яго твораў некалькі год таму ладзілася ў сьветлагорскай галярэі “Традыцыя”). У залі ганаровых выпускнікоў гэтага універсітэта, у ліку 40 найбольш выбітных, імя Ф. Скарыны другое, пасьля Г. Галілея.

Вулкі вузкія, ходнікі выбрукаваныя вялікімі каменнымі плітамі, часта пад галерэямі. І тэхнічны цуд 20-га стагодзьдзя – монарэйкавы трамвай.

Капліца Джота. Многа пабудоваў у венецыянскім стылі (да Венецыі 20 км). Эклектыка, сумесь заходняга, візантыйскага, часткова арабскага архітэктурных элементаў.
 
Горача, +35 – 36 градусаў.

Прага

Ад’езд у 17:15. Праз 3 гадзіны даехалі амаль да Бальцана, абмінуўшы Вічэнцу, Верону, Трэнта. Тут паўгадзінны прывал, і едзем далей у Аўстрыю. Траса увесь час паўз раку Адзіге, паўнаводную, вельмі хуткую, але без адзінага парога. Проста мара байдарачніка.

Уязджаем у Аўстрыю позна ўвечары, адмінаем увесь у агнях начны Інсбрук і едзем далей. Шлях у Прагу найпрасьцей праз Нямеччыну, абмінаючы Мюнхен, які мы праспалі.

Сабор Сьвятога Віта ў Празе.

Сонца на бязвоблачным небе выбліснула з-за пагорка ў 5:30. Праз паўтары гадзіны ўехалі ў Прагу. Кілямэтраў за 15 да гораду прывал, сымбалічна памыліся, па глытку кавы зь печывам, гарбата з тэрмаса. Маральна рыхтуемся да сустрэчы з Прагаю. Гэты горад я даўно марыў наведаць разам з жонкаю.

Паркуемся.  Ідзем  прыкладна 2,5 км ад паркоўкі. Наперадзе – Градчаны, верхняя частка Прагі. Сабор Сьвятога Віта, апаясаны з усіх бакоў урадавымі будынкамі, збудаванымі ў розныя часы рознымі манархамі і фундатарамі. Тут жа й рэзыдэнцыя прэзідэнта Чэхіі Вацлава Клаўса. Прзідэнцкі штандар узьняты, значыць, прэзідэнт у сваім кабінэце. Ганаровая варта ля уваходнай аркі. Натоўпы турыстаў і ніякай іншай аховы. Ці будзе так у нас?

Слухаем расповяд Лены. Вышыня сабора 134 м, вядомы з 926 г. Сучасны будынак узводзіўся амаль 600 гадоў, з 1246 па 1929 г.г. Як не схіліць галавы перад гэтым народам? Стагодзьдзі: войны, паморкі, зьмены манархаў і межаў дзяржавы. А народ будуе ХРАМ! І вось маюць чэхі, а з імі і ўвесь сьвет, гэткі ЦУД! Адзін з трох сымбаляў Прагі.

Прага. Карлаў мост.

 Унутры Сабора дзівосныя фрэскі, зробленыя знакамітым чэскім мастаком Альфонсам Мухай (дарэчы зяцем першага прэзідэнта Чэхаславаччыны Масарыка) у пачатку XX стагодзьдзя.  Далей па крутых брукаваных вулках уніз, да галоўнага сымбаля Прагі – Карлавага Мосту. Мост праз шырокую Влтаву на рэканструкцыі, таму мастакоў і музыкаў меней чым у папярэднія мае прыезды. Па прапанове Лены прачытаў свой верш “Мэлёдыі Прагі”. Слухалі ўважліва.  Далей ідзем на Старэ Намесьце – старадаўнюю плошчу, трэці сымбаль Прагі. Тут ратуша са знакамітым вежавым гадзіньнікам – Пражскім Арлоем, помнік Яну Гусу і яго закатаваным паплечнікам. Тут праз плошчу і стары касьцёл “Марыя за тынам”, які быў у той час своеасаблівым мейсцам сустрэч прыхільнікаў Я. Гуса. Тут паблізу дом з мэмарыяльнай шыльдай у гонар Францішка Скарыны – у гэтым доме геніяльны беларус у 1517 г. надрукаваў першую Біблію на старабеларускай мове. Тут непадалёку і дом, у якім пражыў усё жыцьцё знакаміты Франц Кафка.

Далей Вацлаўскае Намесьце – галоўная плошча. Велічны конны помнік заснавальніку і нябеснаму заступніку

Прага. Старая плошча.

Чэхіі, ваяру Сьв. Вацлаву. Замыкаецца Вацлаўская плошча будынкам Нацыянальнага музэю. Побач – будынак былога парляменту Чэхіі, які Вацлаў Гавэл аддаў пад рэзідэнцыю Радыё Свабода. Унізе на бруку – крыж на месцы самаспаленьня ў 1969 г. Яна Палаха ў знак пратэсту супраць савецкай акупацыі.

Ад’езд з Прагі ў 17:25. Дана прызналася, што Прага спадабалася ёй болей за Парыж.

Кракаў

Пераехаўшы мяжу, ўехалі ў польскае мястэчка Кудова-Здруй. Начлег у  гатэлі “Віла-Дыямент”. Гаспадарыць ветлівая польская сям’я. Сотак 15 лесу, высокія хвоі, газон, сталы і лаўкі пад адкрытым небам і пад навесам. Тут пасьля вячэры сядзім невялікай кампаніяй за віном і півам, гамонім.

Сьняданак “швэдскім сталом”. Перад сьняданкам зьбегалі з Данай пад дажджом да крыніцы мінеральнай вады,

Прага. Вацлаўская плошча.

 пра якую распавялі гаспадары гатэля. Вада смачная, жалезістая, тыпу каўказкіх нарзанаў. Набралі ў дарогу і пачаставалі за сьняданкам спадарожнікаў. 

Выезд у 8:50. Кіруемся да Кракава. Даехалі ў 14:30. Малітва і імша ў сучасным мадэрнавага стылю Санктуарыі Божай Міласэрднасьці. Пераезд у Стары горад. Экскурсія:  Гандлёвы Пляц, Марыяцкі Касьцёл (на здымке) з алтаром Віта Ствоша. Гэты алтар – сусьветна вядомы помнік драўлянага разьбярства XV стагодзьдзя. А ў XX стагодзьдзі геніяльны польскі паэт Канстанты Галчыньскі стварыў паэму “Віт Ствош”. Перакласьці гэтую паэму на беларускую мову меў гонар аўтар гэтых радкоў.

Хуткі пераход па Гродскай да Вавелю. Конны помнік Тадэвушу Касьцюшку над уваходнай лесьвіцай. Вавель толкам не агледзелі, не было часу столькі, як у мінулы прыезд сюды з ксяндзом Гжэгажам.

Вяртанне

Кракаў. Вавель. Герб Рэчы Паспалітай на каралеўскай рэзідэнцыі.

Набылі харчы ў дарогу і для дому. Ад’езд увечары. Праехалі назад да Катовіцаў, далей па Варшаўскай трасе абмінулі Чэнстахову, Лодзь, Варшаву, праехалі Менск-Мазавецкі, Седльцэ. І ў 5:30 – на беларускай мяжы.

Пераезд мяжы заняў гадзіну і 8 хвілін – рэкордна кароткі за ўсе мае паездкі праз мяжу. Аказалася, што мы прыехалі ў Дзень пагранічніка. Перавялі гадзіньнікі на беларускі час. І ў сярэдзіне дня мы ў Менску.

Падчас усіх пераездаў ладзіліся малітвы проста на хаду ў аўтобусе.

Вадзім Болбас, г. Светлагорск

Апошнія артыкулы