logo piligrymka





Беларускі Пілігрымскі Хіт: найлепшыя спевы пілігрымаў

У чэрвені гэтага года, перад парою пілігрымак, у Мінску выйшаў зборнік найлепшых паломніцкіх спеваў  па-беларуску: “Беларускі Пілігрымскі Хіт”.

Гэты дыск – ужо шосты ў серыі “Беларускі Хрысціянскі Хіт”, заснаванай у 2008 годзе. Спярша былі “Хрысціянскія гімны” (2008), “Хіты праслаўлення” (2009), зборнік калядных хітоў “Хрыстос нарадзіўся” (2009), велікодных “Хрыстос уваскрос” (2010), а таксама складанка “Бардаўскі Хрысціянскі Хіт” (2010).

Канцэпцыя серыі простая: найлепшыя хрысціянскія спевы розных канфесіяў па-беларуску. Кожны дыск пачынаецца беларускім духоўным гімнам “Магутны Божа” у розных выкананнях, большасць заканчваецца спеўнай малітвай “Ойча наш”. Для кожнага зборніка папярэдне набіраецца 30-40 кампазіцыяў, з якіх фокус-групы (супольнасці вернікаў па 7-10 чалавек з розных рэгіёнаў) адбіраюць 20 найбольш моцных.

У “Беларускім Хрысціянскім Хіце” удзельнічаюць Алеся Ўнукоўская і “Тэзаўрус”, “Небасхіл” і “Laudans”, Інэса Леадаская і Андрусь Мельнікаў, “Псальмяры” і “DVA”, Ганна і Ядвіга Багдановічы.

“Беларускі Хрысціянскі Хіт” – гэта спевы на словы Янкі Купалы, Уладзіміра Караткевіча, Пімена Панчанкі, Ларысы Геніюш, Лявона Вольскага, Рыгора Барадуліна.

Сёлетні шосты дыск – пілігрымскі. Гвардыя адданых, ахвярных і адважных хрысціянскіх вандроўнікаў зачакалася свайго дыска, сваёй калекцыі “The best”. “Беларускі Пілігрымскі Хіт” – адабраныя з дапамогай фокус-групаў спеўныя малітвы, якія гучаць у пілігрымках ды на хрысціянскіх фэстах: у дарозе ды ў Будславе, Івянцы, Браславе, Росіцы, Лагішыне, Полацку, Менску. Нароўні з вядомымі выканаўцамі – такімі як Алеся Ўнукоўская і “Подых Духа” – у складанку трапілі і новыя “зорачкі” – “Laudans”, Юля Фралова, “Рыбы”. У Беларусі часьцяком бывае, што ўнікальныя гурты або спеўныя шэдэўры вядомыя толькі ў сваёй парафіі або асобнай пілігрымцы. ”Пілігрымскі Хіт” знаёміць Вас з найлепшымі.
“Беларускі Пілігрымскі Хіт” выйшаў дзякуючы кампаніі “Будзьма беларусамі”, вядомай яскравымі праектамі, накіраванымі на падтрымку нацыянальнай культуры.

“Беларускі Хрысціянскі Хіт” – не камерцыйны праект. Каманда маладых энтузіястаў ня ставіць сваёй мэтай зарабіць на беларускай хрысціянскай музыцы. Стратэгія “БХХ” – за кошт ахвяраванняў і спонсарскай падтрымкі выдаць поўны збор найлепшых беларускамоўных хрысціянскіх спеваў.

Свае прапановы і ідэі да праекту Вы можаце выказаць праз тэлефоны: +375 29 593 71 60, +375 29 861 62 28 або электронную пошту bhh2014@tut.by.  Далучайцеся!

Наступнымі ў серыі “БХХ” чакаюцца зборнік найлепшых хрысціянскіх патрыятычных спеваў “Люблю Беларусь”, “Беларускі Хрысціянскі Рок” і “Беларускі Літургічны Спеў”.

Беларусь, якая спявае і моліцца – жыве!

Апошнія артыкулы