
Навіна аб тым, што папа Францішак прызначыў яго біскупам Віцебскім, прыйшла 29 лістапада. Нагадаем, што папярэднік Алега Буткевіча – 59-гадовы біскуп Уладзіслаў Блін- сышоў у адстаўку па стане здароўя.
Як толькі вестка дайшла да вернікаў, многія пачалі тэлефанаваць адзін аднаму з віншаваннямі. Людзі выказвалі вялікую радасць і задавальненне: “Новы біскуп – надзвычай моцны вернік, сапраўдны прыклад для іншых. А да таго ж ён малады, энергічны і свой, тутэйшы. Ён жа наш зямляк, браслаўскі, беларускі чалавек. Родную мову выдатна ведае і размаўляе толькі на ёй. А якія ён цудоўныя пропаведзі прамаўляе! Проста ў самае сэрца б’е сваім словам!”
А ў святарскім асяродку пра біскупа-намінанта гаварылі, што гэта надзвычай сціплы чалавек. “Гэта — беларускі эквівалент папы Францішка. Невялікі пакойчык (нават не кватэра!) — гэта ўся ягоная “плябанія”; ксёндз Алег вельмі просты і непасрэдны ў кантактах з людзьмі, дужа ўразлівы на патрэбы бедных, з добрым сэрцам і добрым вухам (адораны музычнымі і вакальнымі здольнасцямі). Апроч таго — рэгулярны госць ва ўніверсітэце імя Машэрава і ў Старасельскай школе пад Віцебскам (яго выступы заўжды карысталіся вялікім попытам у студэнтаў і вучняў), удзельнік тэле- і радыёперадач, і гэта пры тым, што ўвесь час на яго плячах была цяжкая праца па адбудове касцёла Святога Антонія. Наскрозь беларускамоўны і прасякнуты любоўю да Беларусі”, - так пра яго выказаўся святар і вядомы публіцыст Пётр Рудкоўскі.
![]() |
Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці
|
Сціпласць як адну з асноўных чалавечых якасцей новага біскупа сёння вылучыў і апостальскі нунцый у Беларусі Клаўдыё Гуджэроцці. Ён узначаліў імшу, падчас якой адбылося біскупскае пасвячэнне. Іерарх, звяртаючыся да Алега Буткевіча, сказаў: “Ты узяў тую машыну, якую хацелі выкінуць. Жыў у такім пакоі, што, каб дайсці да яго, трэба было выклікаць хуткую дапамогу. І таму менавіта цябе і абралі. Шмат хто са святароў убачыў у гэтым незвычайнае. Бо ты выбраў беднасць – дзеля любові. Вядома, колькі ўвагі папа Францішак надзяляе беднасці. Спадзяюся, што ты станеш у гэтым добрым прыкладам для іншых”.
“Ты станеш тварам, розумам, сэрцам віцебскага касцёла. І асаблівая сувязь з Хрыстом будзе ўжо не толькі тваёй асабіста, а будзе як у чалавека, які стаіць на чале лакальнага касцёла. < ...> Ты станеш наступцам апосталаў. І гэта вялікая таямніца. < ...> Дарагі брат! Нічога не бойся! Хаця ты зараз нават не ўяўляеш, якія цяжкасці цябе чакаюць. Каб ты ўсё гэта ведаў, то самлеў бы. Аднак Бог шматкроць узмацніць твае сілы”, -сказаў падчас гаміліі галоўны пасвячаючы біскуп.
![]() |
Бацькі біскупа Алега Буткевіча
|
Алег Буткевіч паходзіць з веруючай каталіцкай сям’і, дзе трое дзяцей. І ўсе сталі служыць Богу. Абедзве ягоныя сястры – манашкі-эўхарысткі.
Таму сёння многія з прыемнасцю адзначылі, што арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці ўзгадаў падчас гаміліі бацькоў новага біскупа: “Я ведаю, наколькі твая мама занепакоена тваім пасвячэннем. Бо яна ведае, як можа ведаць толькі маці, што значыць мець адказнасць. Дзякуй ёй за тое, што яна падарыла такога сына. Мама – гэта як беларуская зямля. Яна дала свайму сыну жыццё, малако, мову і культуру. Ваш сын не шукаў гэтага месца. Вялікімі высілкамі нам удалося вырваць яго з парафіі, дзе ён служыў раней і дзе была яго сям’я. Калі мы абвясцілі яму волю папы, то не заўважылі, каб ён скакаў ад радасці. Але прыняў гэта і абраў сваім біскупскім дэвізам словы з малітвы “Ойча наш” – “Няхай будзе воля твая”.
Галоўнаму пасвячаючаму біскупу – арцыбіскупу Клаўдыё Гуджэроцці падчас абраду дапамагалі мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і старшыня Канферэнцыі біскупаў Аляксандр Кашкевіч.
Сведкамі гэтай падзеі сталі каталіцкія іерархі з Беларусі, Польшчы, Літвы, Латвіі, Украіны, святары Віцебскай праваслаўнай епархіі, а таксама прадстаўнікі дыпламатычных місій розных краін, мясцовай свецкай улады і вернікі. Увесь, далёка не маленькі, касцёл Езуса Міласэрнага быў запоўнены людзьмі.
![]() |
У пэўны момант біскупскага пасвячэння выбраны кладзецца ніцма
|
![]() |
Да канца малітвы пасвячэння над галавою выбранага трымаюць Евангелле
|
![]() |
Галоўны пасвячаючы біскуп ускладае на галаву новаму біскупу мітру
|
![]() |
Новаспечаны біскуп атрымлівае пацалунак ад усіх прысутных біскупаў
|
Цырымонія была надзвычай прыгожай і ўзвышанай – касцёльныя вітражы адлюстроўвалі сонечныя промні, арганная музыка і цудоўныя спевы хору краналі кожнае сэрца.
![]() |
Камунія
|
На цырымоніі таксама прысутнічалі намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Цярэнцьеў і начальнік аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцей Віцебскага аблвыканкама Міхаіл Даніленка. У. Цярэнцьеў зачытаў віншаванне новаму кіраўніку каталіцкай дыяцэзіі ад імя старшыні аблвыканкама Аляксандра Косінца.
На сваёй першай прэс-канферэнцыі ў якасці біскупа Алег Буткевіч прызнаўся, што яму нялёгка казаць пра свае пачуцці:
- Гэта цяжка акрэсліць адным словам, я не магу яго знайсці. Вялікія ўражанні… Адчуваю вялікую ўдзячнасць Богу, папе Францішку. Тое, што я стаў біскупам, – нечакана для мяне. Тым не менш гэта падзея сталася – Віцебская дыяцэзія мае біскупа. І будзем спадзявацца, што Бог, які здзяйсняе ў жыцці ўсе справы, сам прызначыў гэтага чалавека. Канешне, я разлічваю на дапамогу святароў, малітву людзей, супрацоўніцтва з уладамі і проста з добрымі людзьмі.
Новы біскуп мае свой герб, які складаецца з выяў абраза Маці Божай Браслаўскай “Валадарка азёраў” і герба Віцебска, а таксама подпісу Fiat vountas tua (“Няхай будзе воля твая”).
- Калі ўзяць пад увагу маё паходжанне – я з Браслава, то не было пытанняў, што мае быць на гербе. Зразумела, гэта Маці Божая Браслаўская. І другі момант – Віцебская дыяцэзія. Гэта герб з выявай Езуса Хрыста. Злучыўшы іх разам, я думаю, мы атрымалі добрую сімволіку нашай Віцебскай дыяцэзіі, над якой Божая прадбачлівасць паставіла мяне пастырам, - патлумачыў біскуп Алег Буткевіч.
Наконт сваіх далейшых планаў кіраўнік дыяцэзіі адзначыў: “Рэвалюцый не планую. Але, як і ў кожнай справе, у кожным доме, у нас ёсць свае пытанні, якія патрабуюць вырашэння. Маю вялікую і шчырую ўдзячнасць майму папярэдніку – ксяндзу-біскупу Уладзіславу Бліну – за тое, што я не прыходжу на пустое месца. Бо касцёл на Віцебшчыне мае 15 год існавання. І гэта заслуга біскупа Уладзіслава Бліна. А ўсе пытанні будуць вырашацца з цягам часу, з Божай дапамогай”.
Даведка TUT.BY:Біскуп Алег Буткевіч нарадзіўся 18 сакавіка 1972 года ў вёсцы Герасімова Браслаўскага раёна. Скончыў Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт. Дваццаць год таму, у 1994 годзе, паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне.Святарскае пасвячэнне прыняў у 2000 годзе. Выконваў абавязкі вікарыя парафіі ў Наваполацку і Міёрах, пробашча парафіі ў Бешанковічах і Уле. Напрацягу дзесяці гадоў, з 2003 года, быў пробашчам парафіі Святога Антонія Падуанскага ў Віцебску і дэканам дэканату Віцебск-паўночны.
арыгінал: www.news.tut.by/society/382984.html