Мы ў Віфлееме, побач з Іерусалімам. Калі быць верным этымалагічным перакладам назвы гэтага гораду з іўрыту і арабскай мовы, трэба казаць: мы ў доме хлеба і доме мяса. А так бы хацелася, каб яшчэ і мератарычна можна было дадаваць: мы ў доме супакою. Але ж, не… Горад супакою (Іерусалім) – ён знаходзіцца побач, у адлегласці 8 кіламетраў. Гэта так блізка, але ж з іншага боку і далёка, а дакладней кажучы за шасціметровай бетоннай сцяной, якой амаль цалкам абнесены Віфлеем.
Так што перспектыва назвацца “горадам супакою” ў “дома хлеба і мяса” настолькі недасяжная, наколькі немагчыма пераскочыць вось гэты мур бяспекі, збудаваны напрыканцы 2005 года.
Наведваючы храм Раства Хрыстова, малюся за супакой для Віфлеема. І думаю, а навошта той хлеб і мяса, калі няма супакою?
- 21 снежня 2012
Прачынаюся. Заўважаю – ніякага канца свету няма. Зрэшты зусім не здзіўлены… Сёння наша група едзе ў Хайфу. Наведваем святыню на гары Кармэль, збудаваную ў гонар Панны Марыі – Stella Maris (Зорка Мора). На гары Кармэль у свой час прапаведваў прарок Ілля, змагаючыся за чысціню веры ў адзінага Бога. Супрацьстаяў шматлікім прарокам Ваала, якія шчодра карміліся з каралеўскага стала.
Падчас Літургіі прапаведваю, заахвочваючы не паддавацца сучаснаму ідалапаклонству, якое таксама пагражае і ў ХХІ ст. Хоць сучаснае ідалапаклонства мае своеасаблівыя рысы, але ж сутнасць тая самая. Чалавек пакланяяецца таму, чаго насамрэч няма. Так і з канцом свету справа выглядала. 21 снежня было прысвечына шмат медыйнай увагі, але і не толькі медыйнай, бо некаторыя настолькі прасякнуліся, гэтай “праўдай”, што паважна да гэтага рыхтаваліся… Ідалы розныя бываюць. Аднак кожнаму ідалу найлепшае месца ў музеі. Напрыклад, у музеі знаходзіцца славуты шклоўскі ідал з ІХ ст, які быў знойдзены непадалёк Шклова ў 1961 г.
Молімся, каб наша грамадства было здольнае быць у праўдзе і ўсіх ідалаў пазносіць у музей, якія нам дагэтуль мазоляць вочы.