logo piligrymka





На парозе 2014 года віншуем з Божым Нараджэннем і Новым годам

  Ад імя ўсіх супрацоўнікаў Piligrymka.by віншую з Божым Нараджэннем і Новым 2014 годам усіх тых, хто быў разам з намі ў гэтым 2013 годзе. Шэрагі тых, хто рушыў з намі ў паломніцтва ў розныя куточкі свету ў пошуках саміх сябе і Бога павялічыліся, і агульная колькасць пераваліла за 2000 чалавек.

  Жыццё віруе, час вар’юе, ноч змяняецца днём, каб зноў змяніцца ноччу.

  На змену адной уладзе прыходзіць другая, а чалавек і так можа заставацца свабодным, калі мае на гэта волю.

  На змену крызісу прыходзіць іншы крызіс. І няважна, які характар ён мае: эканамічны, палітычны, ці, можа, сямейны, або прыватны…

  Усё змяняецца, што ў лепшы бок, а што – у горшы, аднак усё падпарадкавана зменлівасці.

  Хтосьці ў гэтым годзе толькі нарадзіўся, а хтосьці, можа, у наступным перагарне апошнюю старонку свайго жыцця і заслоніцца ад гэтага свету каменнай надмагільнай плітой. Сапраўды, кожнаму сваё дастаецца ў зменлівым свеце…

  Нязменным у гэтым свеце застаецца толькі чалавек са сваімі праблемамі.

  Шаноўныя, у час, калі мы развітваемся з 2013 годам і стаім на парозе новага 2014 года, я жадаю кожнаму з вас толькі аднаго – застацца ЧАЛАВЕКАМ!

  А таму, хто такім ніколі не быў, то, урэшце, ім стаць.

  Быць чалавекам – гэта значыць думаць і не баяцца пражыць сваё ўнікальнае жыццё.

  Быць чалавекам – гэта значыць бачыць і быць здольным адрозніць чорнае ад белага, дзеля таго, каб з падвойнае рэчаіснасці выбраць тое, за што прамаўляе сэрца, а не кан’юнктура зямнога жыцця.

  Быць чалавекам – гэта значыць марыць, і не разменьваць жаданне здзяйснення сваіх узнёслых мараў на атрыманне хуткіх часовых выгодаў.

  Нарадзіўшыся Сын Божы, які сваім уцеўланнем пераадолеў бар’еры часу, назаўсёды стаў Чалавекам і ўвайшоў у наша жыццё. Ён працягвае кожнаму з нас сваю дапаможную далонь. Хрыстос хоча ўзяць нас за руку, каб вывесці з гэтага свету і адвесці ў краіну гармоніі і супакою, радасці і шчасця.

 Жадаю і сабе і вам, каб мы маглі ў 2014 годзе далучыцца да гэтай самай важнай пілігрымкі нашага жыцця і рушыць у шлях да Божага Валадарства, дзе чакае нас наш Нябесны Айцец.

 Шлях гэтай пілігрымкі можа прайсці толькі той чалавек, у сэрцы якога ёсць любоў. Чаго вам і жадаю.

  З Новым 2014 годам! Божага блаславенства.

 

Кс. Вячаслаў Барок
Каардынатар пілігрымак Віцебскай Дыяцэзіі.

Апошнія артыкулы