Сёння пра яго ўзгадваюць, як пра чалавека адданага службе для Касцёла і Беларусі. І сапраўды гэта праўда. У нас на Бацькаўшчыне ён пражыў 27 год. Гэта амаль палова яго жыцця. Ён упісаўся ў гісторыю касцёла на Беларусі тым, што адным з першых пачаў уводзіць у Літургіі беларускую мову. Што ж гэта вельмі хвалебна. Таксама быў вядомы са сваіх палымяных казаняў, якія былі прасякнутыя любоўю да мясцовай нацыянальнай культуры. Без перабольшвання можна сказаць, што ён літовец стаў падзвіжнікам у працэссе адраджэння нашай нацыянальнай дзяржавы. Вядомы з арганізавання моладзевых фестывалляў у Мёрах, якія з цягам часу набралі міжнароднага характару і выдання адной з першай каталіцкай газеты на беларускай мове “Голас Душы”.
І яшчэ ксёндз Пятрайціс вядомы, як пілігрым.
Добра памятаю, як ён арганізоўваў першую пешую пілігрымку з Мёраў у Будслаў у 1992 г. А пасля хваліўся, сваімі да крыві збітымі, нагамі. Ён не быў прывязаны да матэрыяльных рэчаў. Не забуду таксама, што ў тую першую пілігрымку добрыя красоўкі я атрымаў ад майго пробашча ксяндза Ўладзіслава. З году ў год, хадзіць пешшу разам са сваімі вернікамі да Маці Божай у Будславе – гэта было нормай яго жыцця.
Не спакойнае было яго сэрца… Арганізоўваў пешыя пілігрымкі з Мёраў у Будслаў і Аглону (Латвія). Аўтобусныя пілігрымкі па святынях прыбалтыкі і на спатканне з Папам рымскім, які не меў магчымасці прыехаць у Беларусь, але калі пантыфік пад’езджаў да межаў нашай краіны, то і кс.Пятрайціс ірваўся на спатканне з ім, аб чым і сведчуць аўтобусныя пілігрымкі з Мёраў у Беласток і ў Вільню. Гэтыя ўсе паломніцтвы пацверджаюць адно: кс.Пятрайціс шукаў сутрэчы з Богам у сваім жыцці.
Яшчэ шмат ён меў ідэй. Казаў, што добра былоб рабіць пілігрымкі ў Ватыкан да месца пахавання Святога Язафата Кунцэвіча, і на Святую Зямлю карцелася яму прайсці пешшу. Тады, калі я чуў тыя трызненні, мне падавалася, што яны абсалютна неажыццяўляльныя. Але ж сёння, бачу ён марыў і рабіў, а тое што не ўдалося зрабіць самаму, робіць хтосьці іншы…. Што ж, як бы там не было, ён быў даўжэйшы час духоўным айцом для мёрскай парафіі і для мяне таксама, я ж адтуль з Мёраў. Не ведаю, як зараз, але ж у свой час акурат з Мёраў было найбольш пакліканняў да святарства і манаскага жыцця. А сталася гэта за часоў кс. Пятрайціса. Думаю гэта шмат аб чым сведчыць.
Канешне, кожны хто яго ведаў, ведаў таксама, што ён хоць і святар, быў усяго толькі чалавекам -слабым і грэшным. Мне вельмі шкада, што апошнія гады свайго жыцця ён моцна хварэў і не мог плённа працаваць. Але ж прашу Нябеснага нашага Айца, каб быў для яго міласэрны. І веру, што не можа быць інакш, калі пад-час свайго зямнога жыцця ён абвяшчаў міласэрнага Бога іншым, то і сам гэтай міласэрнасці спазнае. Не аднойчы чуў ад яго: “хай мне Бог даруе, і ці ж не даруе і не пачуе Бог малітву, калі кожны са святароў якія з Мёраў паходзяць (а на сёння іх 9) за мяне памоляцца? Напэўна адразу буду ў раі, хоць я гэтага і не варты.” Лічу ў гэтых словах гучала не самаўпэненасць, але ж давер да Бога.
“Чалавек ён быў добры, толькі надарваны, паранены” – так выказалася пра яго беларуская пісьменніца Ірына Жарнасек, якая пэўны час супрацоўнічала са святаром у галіне “беларускага каталіцкага першадрукарства ў 90-ые гады”. Працягваючы яе думку можна дадаць, так і ўсё нашае грамадства – надарванае і параненае і яшчэ дагэтуль не вылечылася з хваробаў ХХ стагоддзя, бо не пакаялася за грахі мінулага: за зруйнаваныя святыні і панішчаныя людзкія сумленні. А кс.Пятрайціс такмоцна марыў, каб надыйшоў гэты момант пакаяння для нашага народу і каб мы змаглі вызваліцца ад усёй постсавецкай грахоўнай наляцеласці, і ачысціліся з гэтага бруду, як той паломнік ад прыдарожнага пылу.
Аднак, жыццёвая зямная надарванасць не можа хрысціяніна давесці да роспачы. Жыццёвы паломніцкі шлях чалавека заўсёды напоўненны ранамі. А хіба ж можа быць па-іншаму на шляху пілігрымавання? І чым цяжэйшы шлях, тым больш радаснае спатканне з Богам, што непазбежна нас чакае.
Пілігрым кс. Пятрайціс ужо асягнуў мэту свайго пілігрымавання – спатканне з міласэрным Айцом у Нябеснай Айчыне.
Вечны адпачанак дай яму Пане, а святло вечнае няхай яму свеціць.