logo piligrymka





Католікі Гомеля і пасля смерці здольныя рабіць падарункі жывым.

У Міністэрстве аховы здароўя вітаюць ініцыятыву каталікоў, якая паказвае грамадству на праблему цяжка хворых людзей.

Па ініцыятыве парафіян і пры падтрымцы пробашча гомельскай рыма-каталіцкай парафіі Нараджэння Божай Маці, а таксама па дабраславенню біскупа Казіміра Велікасельца ў касцёле праходзіць беспрэцэдэнтная акцыя: каталікі падпісваюць добраахвотную згоду на выкарыстанне пасля смерці сваіх унутраных органаў у транспланталогіі.

- Дарэнне сваіх органаў медыцыне – гэта таксама справа любові да бліжняга, – кажа пробашч айцец Славамір Ласкоўскі.

- Каталіцкая царква заклікае вернікаў завяшчаць свае органы пасля смерці бальніцам для трансплантацыі. Таму што так чалавек дае жыццё іншым людзям. Аднак на гэта павінна быць асабістая згода кожнага чалавека. Закон Божы, у адрозненне ад закона дзяржавы, загадвае выкарыстоўваць органы для перасадкі толькі тых людзей, якія папярэдне далі сваю згоду на гэта. Мы дэкларуем гэтую згоду для чысціні свайго сумлення, – дапоўніў вікарый парафіі айцец Дамінік Шыманскі.

Акцыю вітае кіраўнік РНПЦ «Трансплантацыі органаў і тканак», галоўны пазаштатны трансплантолаг Міністэрства аховы здароўя Беларусі Алег Румо:

- Нам вельмі прыемна, што вернікі нас падтрымліваюць. Так, з юрыдычнага пункту гледжання, такія заявы не маюць сілы, паколькі па беларускіх законах медыкі кіруюцца прэзумпцыяй згоды. Гэта значыць, лекары выкарыстоўваюць органы памерлых людзей без яго завяшчання або згоды сваякоў. Калі ж чалавек прынцыпова не хоча, каб яго органы ў выпадку смерці маглі перасадзіць іншаму, ён мае права напісаць заяву па месцы жыхарства, яго дадзеныя занясуць ў агульны рэестр. Але акцыя, якую вы праводзіце, паказвае, што не нам, медыкам, патрэбныя органы, а цяжка хворым людзям, якіх можна выратаваць толькі дзякуючы трансплантацыі.

Тыя вернікі, якія жадаюць завяшчаць ў выпадку раптоўнай смерці свае органы медыцыне, могуць узяць спецыяльныя карткі на першым паверсе храма, запоўніць іх і насіць пры сабе ў паперніку. Таксама можна спампаваць бланкі для картак па спасылцы ніжэй. Пасля запаўнення карткі рэкамендуецца заламініровать.

 

www.katolik-gomel.by/BEL

Апошнія артыкулы