З падзякай Богу і добрым людзям да вас звяртаецца Таццяна Цітуленка, удзельніца конкурсу “Што шукае пілігрым?”
Так здарылася, што менавіта майму твору вы прысудзілі першае месца.
У гэтай перамозе бачу Провід Божы.
Мажліва, не ўсе змогуць паверыць, што ў нас дома захоўваецца канверт з надпісам “Сродкі на паездку ў Італію”. Гэты канверт быў падпісаны тады, калі мы чакалі нараджэння трэцяга дзіцяці.
У гэты канверт час ад часу мы адкладаем грошы, але часцей здараецца так, што іх потым даводзіцца выкарыстоўваць на штодзённыя патрэбы. Трэба выхоўваць дзяцей, а свабодных сродкаў няма. У чарговы раз дастаючы грошы з канверта, я думала і была ўпэўнена, што прыйдзе час і для паездкі ў Італію. І вось доўгачаканая мара здзейснілася – час паездкі настаў неспадзявана хутка. За ўсё гэта я дзякую Бога.
Словы ўдзячнасці дасылаю арганізатарам конкурсу, усім, хто мяне падтрымаў пры галасаванні або хацеў падтрымаць.
Асобыя словы ўдзячнасці пасылаю маёй сяброўцы Наталлі Валынец, якая не толькі заахвоціла мяне ўдзельнічаць у гэтым конкурсе, але і аддала свой голас за мой твор не толькі з чыста сяброўскіх матываў, але таму што ён ёй спадабаўся. Дзякую, што гэты конкурс яшчэ больш умацаваў наша сяброўства.
Прашу ў Бога міласці для тых, без каго не магла прыйсці гэтая перамога: для галоўнай гераіні майго твору маленькай дачушкі Аляксандры, для маіх старэйшых дзетак Настассі і Станіслава, для мужа Валерыя.
Хай усіх іх, а таксама ўсіх людзей на свеце беражэ Божа.
Зараз я перакананая: у Бога няма нічога немагчымага. З верай магчыма ўсё.
Верце.