Мары здзяйсняюцца!.. Праўда, часам ідуць да іх доўга. Пачатак сваёй хады да мары акрэсліваю з часоў дзяцінства. Тады крочыла ў думках на ўзор Еўфрасінні Полацкай, прачытаўшы ўпершыню ўрывак з яе жыція. Марыць пра паломніцтва на Святую зямлю па-сапраўднаму пачала падчас вучобы ва ўніверсітэце, тым больш і магістэрскую дысертацыю давялося пісаць па вобразе Еўфрасінні Полацкай у беларускай літаратуры. Дзень абароны навуковай працы сімвалічна прыпаў на дзень памяці святой палачанкі – 5 чэрвеня. Вось тады і ўпэўнілася: мая зямлячка будзе весці мяне цягам усяго жыцця. Відаць, знаёмству з Piligrymka.by святая і паспрыяла, спачатку накіраваўшы мяне ў шлях па слядах славянскіх апосталаў Кірыла і Мяфодзія, а потым ужо на Святую зямлю. Мара здзейснілася ў мае 27. Сябры жартавалі: “Спадзяемся тваё вяртанне будзе не такім доўгім як тваёй апякункі…”. Пасля дзевяці дзён пілігрымкі я, канешне, вярнулася на не менш святую Беларусь. Сваімі падарожнымі нататкамі і хачу падзяліцца.
Дарогу я люблю. Падабаецца сам працэс ды і сустрэчы падчас падарожжаў цікавыя здараюцца. Першая з іх была ў Мінску, калі чакала на вакзале перасадкі на Кіеў. Побач са мной сядзела жанчына. Гледзячы на яе вялізныя валізкі, не цяжка было здагадацца, што шлях яна трымае таксама далёкі. Аказалася ў Амерыку, да дачкі. Шчырая размова на паўгадзіны. Напрыканцы якой я аджартавала: “Але ж сумкі ў вас вялікія, ці не эмігруеце часам, як дачка?” Адказ жанчыны быў простым, хаця і здзівіў мяне. У яе чамаданах былі падарункі дачцэ і ўнучкам у выглядзе беларускага абутку вытворцаў “Marko” і “Belwest”. “Во, прыкол, – падумала я, – значыць, у Амерыцы цэняць наш абутак”. Час ляцеў. Мая суразмоўніца пажадала мне добрага палёту, які павінен быў адбыцца ў маім жыцці ўпершыню, і мы развіталіся.
Па дарозе да Кіева маім думкам перашкаджаў хіба толькі рускі блатняк на прыёмніку ў кіроўцаў. Але ж густы не выбіраюць. Перыядычна правальвалася ў сон, пасля якога пісаліся наступныя радкі:
Усё роўна восень будзе
пiсаць лiсты табе усмешкай
нават з iншай краiны…
Дыханнем нясмелым,
пацалункамi ветру
ты ўзгадаеш мяне.
Барыспаль. Аэрапорт. Допыт. Менавіта такі асацыятыўны ланцужок узнікае цяпер у мяне пасля першага ў жыцці праходжання кантролю ў аэрапорце. Ізраільскія авіялініі – адны з самых бяспечных у свеце. Пасажыр можа абурацца на залішнія і не зусім па тэме пытанні, а таксама на ператрус ягоных валізак. На што з боку кантролю атрымае стандартны безэмацыйны адказ: “Усё дзеля вашай бяспекі”. Сапраўды, бяспека вышэйшага класу. Праўда, мяне насцярожвалі б не звычайнага выгляду людзі, а хасіды. Не ў крыўду апошнім кажучы, наглядзеўшыся фільмаў і з няправільнай падачы СМІ, на жаль, на падсвядомым узроўні і ўзнікае першая думка незразумелай боязі пры сустрэчы з чалавекам, апранутым як хасід ці артадаксальны яўрэй. А гэта мірныя, спакойныя людзі, якія штодзень лятаюць з Украіны ў Ізраіль і назад. Не ўсім вядома і тое, што плынь хасідызму ахоплівае тэрыторыю Падолля Украіны яшчэ ў XVII ст. у часе Рэчы Паспалітай. Адгалінаванне хасідызму на Беларусі, у прыватнасці ў Віцебску, заснаваў Менахем Мендэль. Пахаваны ён на тэрыторыі Ізраіля ў Цверыі і пакінуў пасля сябе шмат добрых выказванняў. Вось адно з іх: “Мая місія на зямлі заключаецца ў тым, каб знайсці пустэчу (ува мне і па-за мной) і запоўніць яе”.
Далёт на Святую зямлю быў нармальны. У аэрапорце нас сустрэлі рускі гід Дзяніс і вадзіцель-араб Муфід. Гумарам, знаходлівасцю і адметным тэмпераментам яны яшчэ больш упрыгожылі маё знаходжанне на тэрыторыі Ізраіля і Палесціны. З апошняй я і пачала хаду па зямлі мары.
Палесціна-ізраільскую мяжу наш аўтобус з паломнікамі перасякаў неаднаразова. Справа ў тым, што горад Віфлеем знаходзіцца на тэрыторыі сучаснай Палесціны. Зараз у гэтай краіне 90% мусульман і толькі 10% – хрысціян. Многія палесцінцы маюць дазвол на паездку ў Ізраіль прыкладна чатыры разы на год – на святы. Ёсць людзі, якія жывуць у Віфлееме, а ва Іерусаліме, напрыклад, не былі больш за 20 гадоў, хаця ехаць да яго каля 15 хвілін. Існуе меркаванне: калі Палесціна стане мусульманскай краінай – хрысціяне знікнуць увогуле, тое самае і з боку Ізраіля, калі чыста яўрэйскай. І хоць рэлігійная сітуацыя ў краіне і па сённяшні дзень нестабільная (проста пра гэта мала пішуць СМІ, бо хрысціяне – не палітычная сіла), паломнікі ўсё ж межы перасякаюць без праблем. Часам турыстычныя аўтобусы праязджаюць і ўвогуле без праверкі, часам у транспарт заходзіць ваенны з аўтаматам і проста правярае наяўнасць пашпартоў у людзей. Не многія ведаюць, што Святой зямлёй раней называлі толькі Палесціну, хаця і тэрытарыяльныя межы зараз іншыя.
Першы спын у прыгарадзе Віфлеема. Месца Бейт-Сахур (Поле пастушкоў) звязанае з евангельскімі пастушкамі, што пачулі добрую вестку пра Раство Хрыста. Шмат сакральных пабудоў на Святой зямлі адноўлена манахамі-францысканцамі на месцы разбураных персамі калісьці візантыйскіх. Каталіцкая царква Анёлаў на Полі пастушкоў – не выключэнне. Будаваў яе вядомы архітэктар Антоніа Барлуцы ў 60-я гг. ХХ ст. Ягонае імя неаднаразова потым узгадае гід і пры наведванні ізраільскай тэрыторыі, бо таленавіты італьянец добра пашчыраваў на Святой зямлі, тым і праславіўся. На многіх дамах Віфлеема выявы Георгія Пераможцы, мясцовыя лічаць яго сваім апекуном і нябесным ахоўнікам горада. Нягледзячы на тое, што горад Божага Нараджэння збольшага сёння засяляюць арабы – народ гаманкі і шумны, у Віфлееме назіраецца незвычайная ціша, якая і кажа пра Раство Хрыстова. Праўда, чатыры разы на дзень цішыню пераразаюць пранізлівыя малітоўныя спевы з гучнагаварыцеляў мячэцяў. Першая мусульманская малітва ў чатыры ранку, калі для паломніка самы сон. Такі несвоечасовы будзільнік – хіба што адзіны непрыемны ўспамін з паездкі. Праз мусульманскія гучнагаварыцелі Хрыста не чуваць, але Ён у цішыні. І вось першы кульмінацыйны момант – храм Раства Хрыстова. Старажытная базіліка – адна з нямногіх у свеце, што неперарыўна дзейнічае цягам многіх стагоддзяў, пабудавана ў 330-х гадах над пячорай Раства па ўказанні імператара Канстанціна. Гэта адзіны храм на тэрыторыі Палесціны, які захаваўся з дамусульманскага перыяду. У 2012 годзе занесены ў спіс “Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА”. Святыні пагражае разбурэнне, яна знаходзіцца ў стане рамонту. Дождж нішчыць абразы і мазаікі, якія датуюцца часамі Крыжовых паходаў. Сёлета ўрад Францыі выдаткаваў 200 млн. еўра на рамонт адной з галоўных хрысціянскіх базілік свету. Па храме Раства Хрыстова экскурсію нам праводзіў араб Джордж (Георгій), які адносіць сябе да праваслаўнай грэчаскай царквы. Праваслаўныя арабы – нармальная з’ява для Палесціны і Ізраіля. А яшчэ звыклы продаж мусульманамі на вуліцы хрысціянскіх святынь. Гандаль вядзецца паўсюдна, а найбольш спрактыкаваныя, у якіх дома дзеці плачуць, заскокваюць у аўтобус, трымаючы абраз Багародзіцы і крычучы завучанымі фразамі на ламанай рускай мове: “Срэбра. 120 долар”. Збольшага, гэта падробка. Добрыя сувеніры, іконкі, свечы, якасныя алеі і іншае можна набыць у спецыялізаваных хрысціянскіх крамах, для турыстычных груп там заўсёды ёсць зніжкі 10-50%.
Эйн-Карэм – заходняя ўскраіна Іерусаліма. Месца, якое гаворыць пра многія біблейныя падзеі. Цяпер тут знаходзяцца праваслаўныя і каталіцкія святыні, што нагадваюць пра Нараджэнне Іаана Хрысціцеля, сустрэчу цяжарнай Дзевы Марыі з Лізаветай. Ёсць тут таксама крыніца Багародзіцы. Праўда, ля яе вісіць шыльдачка, што вада забруджана і ўжываць яе нельга. Паломнікі на гэта ўвагі не звяртаюць. У Эйн-Карэме разгаварылася з адной паломніцай, аказалася, што з Полацка, прыхажанка Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, таму не дзіўна ад яе было пачуць, што на Святую зямлю яна трапіла таксама па малітвах святой палачанкі.
Кожны сонны ранак пачынаўся з думкі: “Ты на зямлі мары, спаць будзеш дома”. Частку дзён мы жылі ў Цверыі, гэта Галілея, шыкоўны від на ранішняе Галілейскае возера толькі падбадзёрваў ды і цёплы клімат падымаў настрой: кастрычнік, 7 гадзін ранку – на вуліцы ўжо + 22.
Людзі-вернікі адчуваюць прысутнасць Божую ва ўсім наваколлі, асабліва ў прыродзе, а сакральныя пабудовы толькі дапаўняюць. Таму незвычайны блакіт нябёсаў Галілеі, жоўць пяску золатам люструюць радасць людскую на гэтай зямлі. Усе дрэвы ў Ізраілі пасаджаныя чалавекам, добра выпрацавана арашальная сістэма, што падведзена да кожнага карэнчыка, яна ва ўмовах 9-месячнай засухі робіць так, каб сады квітнелі, бы ў раі. Як у Хайфе – Бахайскія. Сады гэтыя з’явіліся, дзякуючы прыхільнікам рэлігіі бахаі. Магчыма, канцэпцыя ў яе і ўзнёслая, але мне не блізкая. А вось прыгажосць гэтую можна толькі сузіраць. Знаходзіцца яна на гары Кармель, шанаванай усімі рэлігіямі, а для хрысціянства вядомай дзякуючы прароку Ільі. Тут пабудаваны каталіцкі манастыр “Stella Мaris” ордэну кармелітаў, назва якога ад наймення гары і паходзіць. Як з панарамнай пляцоўкі Бахайскіх садоў, так і ад храма Прарока Ільі відаць сапраўдны твор мастацтва сучасных архітэктараў – гэта хайфскі хмарачос “Ветразь”. Ён пабудаваны па сімволіцы ўсходняй архітэктуры без строгіх ліній вытанчаным і выгнутым і ўваходзіць у комплекс адміністратыўных урадавых будынкаў Ізраіля.
Паступова па слядах Старога і Новага запаветаў, у кантрастах старажытнай і сучаснай архітэктуры мы перабраліся ў Назарэт – горад Дабравешчання. Там знаходзіцца аднайменны храм з пячорай, дзе Багародзіца і атрымала Добрую вестку ад Арханёла Гаўрыіла. У імя яго пабудавана грэчаская праваслаўная царква над крыніцай Багародзіцы. Шчыра прызнаюся: блаславёнае месца! П’еш ваду, умываешся, а цудам – радасць на душы.
Трэці па значнасці горад у хрысціянстве пасля Віфлеема і Іерусаліма Назарэт знаходзіцца ў Галілеі. На гэтай зямлі Іісус Хрыстос пачаў чыніць першыя цуды ў вёсачцы Кана, калі ваду ператварыў на віно на вяселлі. Так, сілай Божай быў асвечаны шлюб, які стаў правобразам малой царквы. Лічыцца, што першы храм на гэтым месцы пабудавала царыца Алена. Сёння тут знаходзяцца францысканская царква Вянчання і грэчаская праваслаўная царква Георгія Пераможцы (“Першага цуда”). У іх па хрысціянскай традыцыі вянчаюцца пары згодна сваёй канфесіі. Дзве вежы каталіцкага храма нагадваюць маладых, нездарма і па сёння вернікі заходняга абраду могуць аднавіць тут свой шлюб. Падчас майго знаходжання ў Кане, якраз і адбывалася аднаўленне, пары не саромеліся вялікага натоўпу паломнікаў і складалі абеты. У крыпце храмаў знаходзяцца старажытныя ваданосы, падобныя на тыя, у якіх у евангельскія часы вада цудам ператварылася на віно. Яго, праўда сучаснага гатунку, могуць набыць турысты ў Кане Галілейскай. Некаторыя кажуць, што з часоў Хрыста арабы так і не навучыліся ператвараць (рабіць) гэты вясельны напой. Віно спрабавала – не пагаджуся, бо не горш за французскае. А вось рыба Св. Пятра, альбо ціляпія галілейская, мне нагадала па смаку нашага карасіка. Менавіта гэты від рыбы ўзгадваецца ў Евангеллі, як на возеры Кінерат Хрыстос накарміў пяць тысяч галодных пяццю хлябамі і дзвюма рыбамі. Сёння ў ізраільскім рэстаранчыку на беразе Галілейскага возера з шыкоўнымі краявідамі гэты мясцовы дэлікатэс каштуе каля 23 даляраў. Праўда, да рыбкі ты можаш браць неабмежаваную колькасць салацікаў, а яшчэ піты (ізраільскія ляпёшкі) і хумус (закуску з нутавага пюрэ). Дарэчы, ляпёшкі з хумусам, як і арабскую каву з кардамонам на дэсерт я вельмі ўпадабала. Камусьці можа падацца, што ўсё гэта задорага, але мне спадабаўся прынцып усходняга рэстарана – накарміць чалавека, а не здзерці з яго грошы за адну порцыю.
Наступны дзень пачаўся з амавення ў Іярдане напамінам пра хрышчэнне, што даецца чалавеку толькі аднойчы. З візантыйскіх часоў лічаць, што вада з гэтай ракі аздараўляе, бо тут хрысціўся сам Хрыстос. Ад сябе магу дадаць адно – без веры не аздаравіць нічога і нікога. Мне амавенне дало свежыя сілы на новы дзень, бо чакала яшчэ шмат святынь. Адна з іх – гара Фавор. На вяршыню яе вядзе дарога-серпанцін. Можна ўзысці пешшу, у гарачыню гэта не так проста – 600 метраў над узроўнем мора. Нас давозілі на мікрааўтобусах мясцовыя аселыя бедуіны (яны жывуць ля падножжа гары). Скажу я вам – народ экстрэмальны, па тым, як яны ліха кіруюць аўто па вузенькім серпанціне, многія паломнікі з боязі пачынаюць маліцца ўголас.
Кажуць, той, хто пабываў на Святой зямлі, лепш разумее старонкі Бібліі. Можа, і так. Шмат прыгажосці і дзівосаў прыроды адкрываецца з фаворскіх вышынь – месца Перамянення Госпада. Падчас нашага знаходжання тут сімвалічна праліўся першы дождж за 9 месяцаў і крыху папужала навальніца. На гары знаходзяцца і каталіцкі, і праваслаўны манастыры. У грэчаскай царкве ёсць цудатворная ікона Божай Маці
У гэты ж дзень была і яшчэ адна гара ў нашым маршруце – Блаславенняў, дзе Іісус сказаў Нагорную пропаведзь. Не важна вернік ты ці не, але гледзячы на месцы, якія выбіраў Бог для малітвы, ты пагадзішся з выказанай кімсьці думкай: “Хрыстос не быў аскетам – ён быў эстэтам”.
Уздоўж паўночнага берага Галілейскага мора (возера Кінерат) раскінуўся горад Капернаум. Аўтэнтычныя евангельскія мясціны яго на сёння не заселеныя, але тут знаходзіцца грэчаскі манастыр Дванаццаці Апосталаў, купалы якога бачны здалёк. Яны яркага ружова-чырвонага колеру. Па Евангеллі менавіта ў гэтым горадзе Хрыстос пачынае сваё служэнне, з гэтых мясцін былі і многія з апосталаў.
- Шалом алейхем
Прагулка на чоўне па Галілейскім моры стала для мяне таксама незабыўнай. З біблейным небам да гэтага заўсёды асацыіравалася неба нашай Браслаўшчыны. Але ж водна-нябёсная колеравая гама Галілеі ўсё ж перамагла. Успаміналіся карціны Айвазоўскага, хаця прыгажосць прыроды часам складана перадаць нават мастацтвам. Чоўны, на якіх зараз плаваюць паломнікі і турысты па возеры Кінерат, называюць чоўнамі Хрыста. Сканструяваны яны па мадэлі аўтэнтычнага карабліка, знойдзенага на дне возера ў 1986 годзе. Капітан нашага чоўна пад канец плавання паставіў яўрэйскую песню “Шалом алейхем”, што ў перакладзе азначае “Мір вам” (яўрэйскае прывітанне). Таму водная прагулка выдалася з танцамі. Калі пісала гэты матэрыял ужо на роднай беларускай зямлі, стала вядома: у Ізраіле зноў неспакойна – ваенныя дзеянні. Магчыма, таму і прывітанне ў іх такое актуальнае: тыя, хто вечна мараць пра мір.
Каб трапіць у іх, трэба праехаць уздоўж ракі Іярдан, што падзяляе межава Ізраіль і Іярданію. З аўтобуса давялося разглядаць краявіды гэтай краіны, 90% якой займаюць пустыні. Па адзінай добраасфальтаванай дарозе любіць катацца на матацыкле кароль Іярданіі Абдала ІІ, далучыцца да манархічных забаў можа абсалютна кожны, а сам кіраўнік – аматар аўтаралі.
Чым далей на поўдзень Іярдан падобна больш на ручай чым на раку. Даязджаем да Іерыхона – старажытнейшага горада свету. Часта яго называюць пальмавым, гэтых раслін сярод пустыннага ландшафту безліч. Нас цікавіла гара Спакусаў (цяпер Палесцінская аўтаномія), дзе, згодна падання, Хрыстос пасціўся 40 дзён і яго спакушаў д’ябал. Сёння на гэтым месцы знаходзіцца наскальны праваслаўны манастыр, ён пабудаваны прыкладна пасярэдзіне шляху да вяршыні гары, дзе таксама ёсць царква, праўда, уваход туды забаронены, на суседняй гары месціцца снайперская ізраільская база. Галоўная святыня манастыра – камень, на якім маліўся Хрыстос. Менавіта тут прагучала евангельская фраза “Не хлебам адзіным жывы чалавек” у адказ д’яблу, які хацеў, каб Іісус ператварыў камяні на хлеб. Да манастыра падняцца можна пешшу, прыкладна 20 хвілін хады па серпанціне, а з нядаўняга часу і пад’ём на фунікулёры ёсць (15 даляраў). Скажу, што ў спёку ісці не так проста і каб вытрымаць шлях – трэба піць ваду. Спусціўшыся з гары, я дазволіла сабе прапусціць стаканчык гранатавага соку. Кошт яго на Святой зямлі вагаецца ад аднаго да пяці даляраў. Але смаката і карысць!
Яшчэ ў Іерыхоне захавалася дрэва Закхея. Смакоўніца (Фікус сікімора) знаходзіцца ў праваслаўным грэчаскім манастыры Прарока Елісея. Ёсць у М. Ляскова апавяданне “Леў старца Герасіма”, а недалёка ад Іерыхона грэчаскі праваслаўны манастыр у імя святога Герасіма Іярданскага – гаспадара прыручанага драпежніка. Ільвы вадзіліся ў гэтай мясцовасці да 60-х гадоў ХХ ст.
Яшчэ адна з шанаваных мясцовых святых – Марыя Егіпецкая. На месцы, дзе старац Зосіма пераходзіў Іярдан, стаіць манастыр. А святых іканапісцы любяць адлюстроўваць разам. Адзін з такіх абразоў упадабала я і прывёзла на Беларусь у падарунак.
Калі знаёмілася з праграмай паездкі, узрадавалася, што будзе адпачынак на Мёртвым моры. Ледзь бачныя на гарызонце яго краявіды захапілі яшчэ на гары Спакусаў. Але знаходжанне на ім выклікала расчараванне. Не, не прыгажосцю, а алергіяй, нават не ўвайшоўшы ў ваду – пачалі слязіцца вочы. Ды і ўдыхаць паветра, перанасычанае ёдам, потым аказалася, мне забаронена – горкае рэха Чарнобыля. Дарэчы, і мора гэтае – не панацэя ад усіх хвароб. Знаходзіцца ў яго вадзе больш за паўгадзіны нельга, а алергікам увогуле рэкамендуюць памачыць ножкі і праверыць ці не выявіцца алергія. Хаця ёсць і парадокс: касметыка Мёртвага мора дапамагае лячыць многія хваробы скуры. Затое мяне асабіста зачаравала прыгажосць колеравых кантрастаў вады. Яны шэра-малахітава-ізумрудна-зялёна-сінія… Уздоўж набярэжнай – вытанчаныя прыгажуні-пальмы. Хаця на пляж мы маглі і не трапіць. Справа ў тым, што падчас нашага знаходжання на моры выпала мусульманскае свята ахвярапрынашэння – Куйрам-байрам. Па традыцыі мусульмане сем’ямі выязджаюць на адпачынак і на пляжах смажаць мяса. Каб не было міжрэлігійных сутычак, улады пазачынялі большасць пляжаў. Пакуль паломнікі аздараўляліся цялесна, купаючыся ў Мёртвым моры, я папустэльнічала па набярэжнай у чаканні кульмінацыі – заўтра будзе Іерусалім.
Гэта словы з маёй любімай песні Жанны Бічэўскай. А горад мары адкрыўся перада мной ранішнімі краявідамі з панарамнай пляцоўкі, з якой Іерусалім бачны як на далоні. І мы накіраваліся ў Гефсіманію. Як і 2000 гадоў таму тут знаходзіцца сад, праўда, зараз у ім ўсяго восем аліў. Кажуць, яны з тых старажытных часоў. Гэтага нельга дакладна ведаць, бо ўзрост алівы не вызначыш па кольцах унутры ствала дрэва, іх там няма, а толькі – пустэча. Хрысціяне ўшаноўваюць Гефсіманскі сад як месца малітвы Хрыста ў ноч перад арыштам, тут была здрада Іўды і сам арышт. У Гефсіманіі знаходзяцца каталіцкая царква Усіх Нацый, праваслаўныя – Успення Прасвятой Багародзіцы і царква Святой Марыі Магдаліны. Апошні храм называюць “Залатыя купалы”, бо бачны яны з усіх пагоркаў Іерусаліма, а бляск цешыць вока сонечнай радасцю. У храме Марыі Магдаліны спачываюць мошчы святой прападобнамучаніцы вялікай княгіні Елізаветы і інакіні Варвары. Сярод пілігрымаў былі жанчыны са Свята-Елізавецінскага манастыра г. Мінска, іх узрадавала, што яны змаглі ўшанаваць сваю апякунку, вядомую міласэрным ахвярным служэннем бліжняму.
Іерусалім святы кожным гістарычным крокам. На гары Сіён знаходзіцца святліца Тайнай Вячэры. Гэта не толькі месца апошняй трапезы Хрыста з апосталамі, але ў святліцы ён ім з’явіўся пасля Уваскрасення, тут адбылося і Сыходжанне Святога Духа ў дзень Пяцідзясятніцы. Цяперашняя святліца пабудавана ў часы крыжаносцаў і знаходзіцца на другім паверсе будынка, а на першым – сінагога. У апошняй я была ўпершыню ў сваім жыцці. Выпала гэта на суботу, так шанаваную яўрэямі. А ўвечары мы наведалі Сцяну Плачу. Відовішча, канешне, незвычайнае для простага абывацеля. Сцяна падзеленая ўмоўна на дзве часткі: злева моляцца мужчыны, справа – жанчыны. Перад малітвай абавязкова павінна адбыцца амавенне рук, мужчына апранае кіпу (яўрэйскую шапачку), замужняя жанчына таксама пакрывае галаву. Гендэрны падзел у час малітвы патлумачыць проста – каб мужчына цалкам засяроджваўся на размове з Богам і не пазіраў на прыгажунь побач. У суботу і яўрэйскія святы забаронена паліць, фатаграфаваць і карыстацца мабільным тэлефонам. Гэта расцэньваецца як грэшнае непатрэбнае дзеянне. Няхай прабачаць мне яўрэі, але я дазволіла сабе зрабіць пару фотаздымкаў. І пакуль некаторыя людзі з нашай групы па традыцыі (лічу, забабоннай) пакідалі запіскі з просьбамі, зваротамі да Бога ў Сцяне, я назірала за працэсам яўрэйскай малітвы. І тут са мной ледзь не сутыкнуліся хасід з маленькім сынам, якія адыходзілі назад ад Сцяны. Дарослы спужаўся таго, што зірнуў на чужую жанчыну ў суботу, і ажно пабег ад мяне. Я толькі ўсміхнулася.
Рада, што ўдалося пабачыць шыльдачку з галоўнай хрысціянскай малітвай “Ойча Наш” на роднай мове каля храма “Pater Noster” на Аліўнай гары. На апошняй знаходзіцца і капліца Узнясення Госпада. Але кульмінацыяй светлай маёй мары стаў храм Уваскрасення Хрыстова. Па рускай традыцыі яго памылкова называюць храмам Гроба Гасподня, па тым месцы, дзе і адбылося Уваскрасенне. Галоўная хрысціянская святыня свету уключае ў сябе Галгофу з месцам Укрыжавання, кувуклію (капліца са святой грабніцай, падзеленай на дзве часткі – Анёла (які абвясціў, што Хрыстос жывы) і сам Гроб Госпада), кафалікон – галоўны храм для патрыярхаў Іерусалімскіх, таксама армянскую царкву Св. роўнаапост. Алены і падземны храм Аднойдзення Жыватворчага Крыжа. Грабніца з’яўляецца алтаром Храма Ўваскрасення Хрыстова. Пры ўваходзе ляжыць камень мірапамазання. Сучасная тэрыторыя галоўнай хрысціянскай святыні падзелена паміж шасцю канфесіямі: грэка-праваслаўнай, рымска-каталіцкай, сірыйскай, копцкай, эфіопскай і армянскай.
Апошні дзень быў у Тэль-Авіве. Прагулка набярэжнай Міжземнага мора і старажытнага порту Яфа. Менавіта сюды прыплывалі паломнікі з усіх канцоў свету, пакуль не з’явіўся паветраны шлях. Сёння гэта рыбацкі порт і прыстань для яхт. Асноўны глыбокаводны порт цяпер знаходзіцца ў Хайфе.
З вечнага лета Святой зямлі я прыляцела ў заснежаны беларускі кастрычнік. Матэрыял пісала ўжо ў лістападзе, калі ў Ізраілі зноў пачаліся ваенныя дзеянні. А нататкі хачу скончыць гучным яўрэйскім прывітаннем “Шалом алейхем”, актуальным не толькі для народу запаветнай зямлі, але і для ўсяго свету. І памятайце – мары здзяйсняюцца ў імя любові і дзеля яе.
Ірына Лобан