Ужо два разы падарожнічыў з вамі ў папярэднія гады, у Рым і Люрд. Уражанні самыя найлепшыя. Цікава пазнаваць свет заходняй Эўропы з вамі.
У пілігрымку можа ехаць кожны
Яна ШЫДЛОЎСКАЯ
Такая форма падарожжаў, як паломніцтва – паход у святую зямлю, вядомая здаўна, калі сярэднявечныя паломнікі, альбо вандроўныя багамольцы, кіруючыся верай, схілялі галаву перад святынямі. Пакланіцца Святой зямлі хадзіла перад смерцю Еўфрасіння Полацкая, з мэтай лекавання ад цяжкіх хвароб здзейсніў паломніцтва і Міхал Крыстоф Радзівіл. Сёння паломніцтва пераплятаецца з рэлігійным турызмам, а ў шэрагу паломнікаў сустракаюцца і прадстаўнікі сусветных рэлігій, і людзі няверуючыя, якіх накіроўвае жаданне пазнаёміцца з духоўнай культурай іншых народаў, іншых канфесій.
Рэлігійны турызм атрымаў развіццё і на Беларусі. І не толькі праз пасрэдніцтва турыстычных фірм. Пачынаючы з мінулага году, 260 пілігрымаў з розных гарадоў Беларусі наведалі святыя месцы Польшчы, Францыі, Аўстрыі, Чэхіі, Італіі. Арганізацыяй паездак займаецца пробашч парафіі св.Я.Кунцэвіча ў Расонах ксёндз Вячаслаў Барок. Сёння касцёл прапануе тры цалкам распрацаваныя маршруты па святым мясцінам: Пілігрымка да Маці Божай у Люрд (Францыя, Польшча, Германія, Чэхія, Італія), Пілігрымка па месцах місійных падарожжаў св.Апостала Паўла (Турцыя), Пілігрымка ў Рым/Ватыкан да месца пахавання св.Я.Кунцэвіча (Польшча, Аўстрыя, Італія).
Post Scriptum, альбо як гэта было
Пілігрымка ў Рым/Ватыкан скончылася 28 мая. Разлічаная на 9 дзён, для многіх удзельнікаў паездка праляцела вокамгненна. “Дні праходзілі вельмі хутка, – кажа Наталля Пілат, выкладчыца музыкі з Браслава. – Часу цалкам ацаніць акаляючую нас прыгажосць не зусім хапала. Я з задавальненнем з’ездзіла б яшчэ”.
Нягледзячы на тое, што арганізатарам з’яўляецца Рымска-каталіцкі касцёл, пілігрымкі разлічаны на шырокае кола людзей. Умовы паездкі не прадугледжваюць узроставага абмежавання, а веравызначэнне не мае значэння. У пілігрымку запрашаюцца дзеці і дарослыя, праваслаўныя, і каталікі. “Мы жывем у краіне, дзе і каталікі, і праваслаўныя пачуваліся разам, – перакананы Эдуард Ленкевіч, па прафесіі доктар. – Такія паездкі садзейнічаюць супадзенню нашых вер. Людзі ўжо былі сабраныя па прынцыпе, для каго хрысціянства ўяўляе вялікі інтарэс”. Бухгалтар Галіна Пірог – праваслаўная. “Да гэтай паездкі я пра католікаў ведала няшмат, – адзначае яна. – Для мяне пілігрымка была пазнавальнай ва ўсіх адносінах”.
Аўтобус накіроўваўся па маршруце, які праходзіў праз Польшчу, Аўстрыю, Італію. Першыя ўражанні падарожнікі атрымалі ў Чэнстахове, горадзе на поўначы Польшчы, куды збіраюцца паломнікі з усяго свету, каб пакланіцца Чэнстахоўскаму абразу Божай Маці. Ужо на наступны дзень пілігрымаў чакала Вена – аўстрыйская сталіца, “стары горад” якой занесены ў спіс культурнай спадчыны UNESCO. За дзевяць гадзін, праведзеных у Вене, падарожнікі знаёмяцца з саборнай архітэктурай горада і належным чынам ацэньваюць яе.
“У медыцыне ёсць тэрмін “прэмедыкацыя”, што азначае падрыхтоўку, – дзеліцца ўражаннямі Эдуард Ленкевіч. – Чэнстахова і Вена былі для нас своеасаблівай падрыхтоўкай – як толькі ты трапляеш у Рым, у цябе адымае мову”. На наступным прыпынку было запланавана наведванне італьянскай сталіцы Рыму і горада-дзяржавы Ватыкану. “Прыгажосць Рыма не прыніжае, а ўражвае, – працягвае Эдуард. – Калі бачыш вуліцы, забудовы, храмы, якія, магчыма, дагэтуль стаяць на антычных фундаментах, захоплівае дых. Тут працавалі найславуцейшыя майстры свету! Сабор св.Клемента, першы хрысціянскі храм у Рыме, уражвае сваёй прыгажосцю, якая прасякнута гісторыяй”.
Алена Шалыга па прафесіі правізар. У пілігрымку ездзіла разам з дачкой. “За кароткі час мы шмат чаго паспелі паглядзець, – распавядае Алена. – У Рыме нас уразіў Калізей. Як сказала мая дачка, варта было патрапіць у Калізей, каб зразумець, што мы ў Рыме”.
Малітва каля алтара св.Я.Кунцэвіча была запланавана на пяты дзень падарожжа. “Атрымалася вандроўка раптоўная, нечаканая, – кажа юрыст Анастасія Лойка. – Для мяне была цікавая мэта падарожжа – убачыць месца пахавання св.Я.Кунцэвіча. Я ўніятка, і малітва, якая адбылася каля алтара, вельмі мяне ўзрушыла. Адчуваю, што ўва мне адбыліся значныя духоўныя змены”.
Маршрут пілігрымкі быў складзены такім чынам, каб экскурсіі пачыналіся с самага ранку. “Мы хутка ехалі і рана прыязджалі, таму натоўп турыстаў не перашкаджаў атрымліваць асалоду ад той прыгажосці, якая была вакол нас”, – пагаджаецца з арганізацыйным падыходам Эдуард.
Пасля Рыма турысты накіраваліся ў горад каналаў і палацаў – Венецыю. “Мне вельмі спадабаўся гэты горда, – кажа браслаўчанка Наталля Пілат. – Я люблю ўсё, связанае з вадой”. Дзе ёсць каналы, там ёсць і масты. Мост Рыальта ў Венецыі лічыцца самым прыгожым і самым старажытным каменным мастом горада. Беларускія пілігрымы прайшліся і па ім. Пазнаёміўшыся з архітэктурай горада, з якой асабліва вылучаецца сабор Сан Марка, падарожнікі выправіліся ў поўную ўражанняў дарогу дадому. “Для мяне паездка была вельмі важнай і ў духоўным сэнсе, – адзначае Наталля. – Размовы, якія праводзіліся ў аўтобусе, прымушалі кожнага з нас разважаць пра вельмі важныя рэчы. Мне запомніліся людзі. Мы, безумоўна, зусім розныя, але мы глядзелі адзін на аднаго, бралі прыклад альбо ўсведамлялі, што такім чынам не варта сябе паводзіць. Упэўнена, што кожны з нас пасля гэтай вандроўкі стаў крышачку лепшым”.
У дарозе пілігрымаў суправаджаюць гід-перакладчык і ксёндз, якія таксама клапоцяцца пра тое, каб падарожнікі адчувалі сябе ўтульна. Для маладой пары Вікторыі і Віктара Маркевічаў гэтая паездка стала першым сямейным падарожжам. “Мы ўбачылі не толькі забыткі, якімі была насычана праграма, – распавядае Віктар, – але і шмат размаўлялі на тэму рэлігіі”. “Мы паглядзелі на царкву з іншага боку, – пагаджаецца з мужам Вікторыя. – Ксяндзы паказалі сябе вельмі адукаванымі суразмоўцамі, ад якіх мы даведаліся, як і чым сёння жыве царква”.
Арганізатарам паездкі важна не толькі даць людзям магчамасць убачыць сусветна вядомыя святыні, але і адказаць на пытанні, якія, часам, цяжка задаць, а адказ не заўсёды знойдзеш нават у самай разумнай кніжцы. “Падарожнічаючы разам, мы, і каталікі, і праваслаўныя, можам лепш сябе пазнаць, – сцвярджае кс.Вячаслаў, – і пераканацца ў тым, што паміж намі больш аднолькавага, чым мы маглі спадзявацца. Выязджаючы ў Еўропу, мы бачым, наколькі глыбока культура прасякнута хрысціанствам і наколькі прыгожа яна можа быць пабудавана на каштоўнасцях хрысціанства. Як казаў славуты Гётэ, еўрапейская свядомасць збудавана шляхам пілігрымак да святых месцаў».
май 2009