Piligrymka.by запрашае ў паломніцтвы па святых месцах Еўропы, а з 22 па 30 сакавіка ў Ізраіль, дзе 25 сакавіка ў Ерусаліме адбудзецца малітва за нашу Бацькаўшчыну Беларусь.
Кожны па-свойму ўяўляе адпачынак. Хтосьці абірае актыўную рэляксацыю, а камусьці больш даспадобы прыходзіцца пасіўна бавіць свой вольны час. Канешне, непаўторны адпачынак атрымоўвае той, хто наведваючы святыя месцы, адпраўляецца ў паломніцтва. Натуральна, паломніцтва – гэта праяўленне рэлігійнай сферы ў жыцці чалавека. Аднак, рэлігійны характар падарожжаў не якім чынам не можа перакрэсліць і культурна-асветніцкую вартасць такіх вандровак, арганізаваных рэлігійнымі супольнасцямі, а ў прыватнасці і Рымак-каталіцкай парафіяй ў Расонах, паломніцкая дзейнасць каторай вядома пад назвай Piligrymka.by.
Дазволю зацытаваць выказванне нашага сталага паломніка Вадзіма Болбаса з Светлагорску, які разам са свай жонкай каталічкай здзейснілі разам з намі ўжо не адно паломніцтва:
“Чаму мяне, чалавека не ўцаркоўленага, матэрыяліста па сьветапогляду, зацікавілі хрысьціянскія сьвятыні, чаму я апошнія гады імкнуся далучацца да такіх вандровак?
Мяне заўсёды цікавіла гісторыя сусьветных рэлігій: буддызма з індуізмам, іслама і, вядома ж хрысьціянства.
Няхай я матэрыяліст. Але на працягу не адной тысячы гадоў большасьць людзей на зямлі верылі ў Вышэйшыя Сілы. І цяпер у сьвеце больш за ўсіх людзей вераць у Ісуса Хрыста!
І я з гэтай нагоды маю з абсалютнай упэўненасьцю сьцьвярджаць: “Эўрапейская, а за ёю і амэрыканская цывілізацыі паўсталі на грунце хрысьціянкай маралі і хрысьціянскай культуры”.
Неабходна дадаць і наступнае: Арганізатары пілігрымак – браты-ксяндзы Вячаслаў і Юрый запрашаюць і бяруць у пілігрымкі ня толькі каталікоў, але і адэптаў іншых хрысьціянскіх плыняў і людзей няверуючых. Тэзіс ксяндза Вячаслава, што пабываўшы ў такой пілігрымцы кожны чалавек становіцца бліжэй да Бога, падаецца вельмі слушным. Праводзяцца вандроўкі надзвычай цікава. Арганізатары не зацыкліваюцца толькі на каталіцкіх сьвятынях, экскурсіі праводзяцца па сусьветна вядомых помніках дойлідства, навукі, прыроды. Таму да гэтых пілігрымак штогод далучаюцца новыя людзі.“
Больш нічога не дадаць, а не адняць. Сапраўды, на тое і ладзяцца паломніцтвы, каб кожны мог пазнаёміцца з багатай хрысціянскай спадчынай, а таксама пазнаёміцца з жыццём хрысціянства, так бы мовіць з нутры. А штодзённае слуханне ўрыўкаў Святога Пісання, магчымасць папрысутнічаць на Літургіі, з’яўляюцца вельмі добрай нагодай кожнаму чалавеку, як уцаркоўленнаму так і не, задумацца над сваім жыццём і калі настаў на тое час, зрабіць свой крок у кірунку да Бога.
Год 2011 ужо даўно запісаны ў нашу гісторыю. Падзеі якія мы перажылі, могуць вярнуцца да нас толькі ва ўспамінах. Яны могуць быць розныя, аднак, спадзяюся, якія б яны не былі, чытача да роспачы не даводзяць. А шмат хто можа ўзгадаць і добрыя імгненні з мінулага.
Напэўна, паломнікі якія здзейснілі сваё падарожжа разам з Piligrymka.by, могуць узгадаць незабываемыя прыгоды, што ўласціва кожнаму паломніцтву.
А ў мінулым годзе разам з намі адбыло падарожжа каля 900 чалавек. Найбольш папулярным стаў маршрут па слядамі Ісуса Хрыста (240 чалавек) і Рым (220 чалавек).
Дзякуючы паломніцтвам удзельнікі маглі стаць сведкамі такіх знакавых гістарычных падзеяў як пасвячэнне табліцы “Ойча наш” у храме Pater noster на Святой Зямлі (25 кастрычніка), беатыфікацыі слугі Божага Яна Паўла ІІ ў Ватыкане (1 мая), сусветнай сутрэчы моладзі ў Мадрыдзе (жнівень), ці агульнаеўрапейскай сустрэчы моладзі ў Берліне на Новы год. Сапраўды паломніцкая дзейнасць дазваляе беларусам далучацца да рэлігійнага і культурнага жыцця ў свеце.
Прыглядаючыся з боку да дзейнасці Piligrymka.by, якая мае ўжо амаль 5-гадовую гісторыю і лічыць каля 3 тысячаў удзельнікаў, некаторыя могуць задаваць пытанне: дык у чым жа крыецца поспех? Адказ тут можабыць толькі адзін: добрая арганізацыя і высакродныя мэты.
Плануючы праграму паломніцтваў на гэты 2012 год, арганізатары кіраваліся ранейшымі прынцыпамі:
- Паломніцтвы не маюць камерцыйных мэтаў. Аб чым сведчуць не высокія кошты падарожжаў, выдаткі звязаныя з арганізацыяй паломніцтваў прымаюцца ў выглядзе дабравольных ахвяраванняў.
- Паломніцтвы – з’яўляюцца рэлігійнай дзейнасцю і галоўная мэта дадзеных мерапрыемстваў – адказаць на рэлігійнае запатрабаванне чалавека.
- Паломніцтвы маюць евангелізацыйны характар, а таму і разлічаныя на шырокае кола людзей і нетолькі на глыбокаверуючых хрысціянаў але і тых, у каго яшчэ толькі нараджаецца жаданне пазнаць багатую хрысціянскую спадчыну.
- Паломніцтвы адбываюцца ў духу экумэнізма, у іх прымаюць удзел католікі , праваслаўныя і пратэстанты, што спрыяе будаванню адкрытага талерантнага грамадства ў нашай краіне.
- Паломніцтвы павінны даваць духоўнае ўзбагачэнне, інтэлектуальнае развіццё і адпачынак для цела. Хрысціянства са сваёй натуры не можа падыходзіць да чалавека, як толькі не з гарманічнага пункту гледжання.
Напрыканцы, ад імя ўсіх супрацоўнікаў Piligrymka.by хацеўбы выказаць шчырую ўдзячнасць для ўсіх, хто калі-кольвечы пілігрымаваў разам з намі. А таксама шчырую ўдзячнасць для тых, хто праяўляе якую-кольвечы зацікаўленасць да нашай дзейнасці. З пачаткам 2011 году, мы як ніколі шмат атрымоўваем Вашых тэлефанаванняў і эмаілаў са словамі зразумення і ўдзячнасці і з просьбамі, каб нашая дзейнасць не спынялася.
Яшчэ шмат шляхоў намі не пройдзена, і шматлікія дарогі чакаюць нас. Пілігрымка скончваецца тады, калі чалавек адыходзіць у вечнасць, а пакуль чалавек жыве, то ён будзе пілігрымам і будзе адбываць паломніцтва, ідучы дарогай свайго жыцця.
Piligrymka.by – шлях веры для кожнага. І пакуль яшчэ гэты шлях не завяршыўся, а таму запрашаем Вас да супольнага падарожжа…
Каардынатар пілігрымак ў Віцебскай дыяцэзіі кс.Вячаслаў Барок.