З 18 па 28 мая 2009 г. у пілігрымцы ў Люрд (Францыя) прынялі ўдзел 38 вернікаў з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Віцебскай дыяцэзіі. Шлях у славуты марыйны санктуарый праходзіў праз некалькі еўрапейскіх краін, таму пілігрымы мелі магчымасць памаліцца ў Кёльнскім саборы ў Германіі, французскім саборы Нотр-Дам дэ Пары, у саборы святога Антонія Падуанскага ў Італіі, саборы святога Віта ў чэшскай Празе, кракаўскім санктуарыі Божай Міласэрнасці.
Сапраўднае духоўнае і фізічнае ўмацаванне, а таксама пераасэнсаванне жыццёвых каштоўнасцяў пілігрымы зведалі падчас малітваў у Масаб’ельскім гроце, дзе 151 год таму святой Бэрнардэце Субіру аб’явілася Маці Божая. У гэтае месца кожны дзень ідуць шматлюдныя працэсіі вернікаў з усяго свету, каб прасіць у Маці Божай заступніцтва і ласкі аздараўлення.
Пілігрымы падчас свайго малітоўнага падарожжа наведалі таксама славуты Падуанскі універсітэт у Італіі, дзе сярод самых лепшых студэнтаў за стагоддзі яго існавання, адным з першых названы беларус з Полацка Францішак Скарына.
Удзельнікі пілігрымкі за магчымасць памаліцца ў славутых святынях выказваюць удзячнасць яе арганізатарам — кс. Вячаславу Барку і кс. Юрыю Барку.
Галіна Нікіціна, catholic.by