Асоба грэка-каталіцкага арцыбіскупа Язапата Кунцэвіча ў беларускай гістарыяграфіі з’яўляецца вельмі супярэчлівай. Праваслаўныя лічаць яго ворагам, які зьдзекаваўся з людзей, што не жадалі прымаць еднасьць з Рымам. Каталікі, наадварот, абвясьцілі яго сьвятым і прызналі апекуном створанай у 1999 г. Віцебскай дыяцэзіі. Бясспрэчна адно — Язапат Кунцэвіч не пашкадаваў нават уласнага жыцьця дзеля аднаўленьня еднасьці ўсіх хрысьціянаў.
У нашай групе пілігрымаў знаходзілася шмат праваслаўных, некаторыя зь якіх выказвалі зьдзіўленьне, што Язапата Кунцэвіча Касцёл прызнае сьвятым. Сапраўды, яго постаць у гістарычнай літаратуры падаецца пераважна не ў самых сьветлых колерах. Маўляў, быў нецярплівы, не шкадуючы сябе, не шкадаваў і іншых. Вобраз сьв.Язапата, створаны Ўладзімерам Караткевічам у п’есе «Званы Віцебска», падаецца мне шмат у чым далёкім ад рэальнага. Язапат Кунцэвіч памёр пакутніцкай сьмерцю за тое, каб у каталікоў і праваслаўных была адна царква, адна вера. Ён, як ніхто іншы, ужо тады разумеў, які вялікі і страшны грэх падзелу Хрыстовага Цела, якім, паводле хрысьціянскага вучэньня, зьяўляецца Царква. Унія, што па Божаму провіду была заключаная на беларускай зямлі ў 1596 годзе, на нейкі час зноў прынесла еднасьць хрысціянам. Развіцьцё Уніі ў Беларусі на пачатку XVII ст. і зьвязаная менавіта з імем Кунцэвіча. Ён быў яе сынам, дзеячам, пакутнікам і сьвятым.
…Халодным лістападаўскім днём у 1990 годзе маладыя грэка-каталікі на чале з айцом Себасцьянам паспрабавалі ўстанавіць крыж на дзьвінскім беразе ў Віцебску, адкуль калісьці скінулі нежывое цела арцыбіскупа. Яны пранесьлі па віцебскіх вуліцах крыж і абразок з выяваю святога Язапата, а калі распачалі асвячэньне крыжа на Ўсьпенскай горцы, трапяткую людзкую узьнёсласьць парушыла зьяўленьне міліцыянераў. Тыя, выконваючы загад гарадзкіх уладаў, перашкодзілі ставіць крыж. Праз год крыж у гонар сьвятога Язапата Кунцэвіча быў усё-такі пастаўлены, але ўначы таямніча зьнік…
Тым, хто аб гэтым ведае, хто разумее, наколькі цяжкі і цярністы быў шлях Царквы на нашай зямлі, тым, хто разумее, што такое Беларусь калісьці, учора і сёньня — няхай дадасца сілы, любові і адвагі.
Кацярына Церашкова, Наваполацак