Задумваючыся над святам Раства Хрыстовага…
Цяжка пераацаніць значэнне той ролі, якую адыграла для гісторыі чалавецтва нараджэнне Іісуса з Назарэта. Прыход Хрыста ў свет стаў лёсавызначальным для ўсёй зямной цывілізацыі.
Сапраўды гэта так. І пра гэта можам сцвярджаць, не толькі таму, што чалавецтва нават гісторыю і час прызвычаілася ўмоўна дзяліць на два перыяды: да нараджэння і пасля нараджэння Хрыста. З кожным разам людзі з радасцю чакаюць, калі дадасца яшчэ адзін чарговы новы год Хрыстовай эры.
Нараджэнне Іісуса стала важнай падзеяй, дзякуючы таму, што Ён быў не толькі чалавекам, а Богам. Яго прыход у наш зямны свет – гэта штосьці абсалютна новае. Прарок Ісая ў Старым Запавеце Святога Пісання нараджэнне Іісуса параўновае са святлом, што праганяе цемру, бо піша:
“Народ, які хадзіў у цемры, убачыў святло вялікае, над жыхарамі краіны змроку заззяла святло…”.
І сапраўды, так яно і ёсць. Жыццё чалавека без Бога – гэта жыццё ў цемры, яно не мае ні сэнсу, ні смаку. Жыццё з Богам – гэта жыццё, у якім ёсць шчасце і непахісная надзея. Чаму так? Таму што дзе ёсць Бог, там ёсць і хрысціянскія каштоўнасці: любоў, свабода, праўда і справядлівасць. Чалавек не можа быць шчаслівым, жывучы без любові ў падмане. Але ж ці гэта магчыма жыць і кіравацца такімі завысокімі прынцыпамі зямному чалавеку? Напэўна, хацелі б спытаць тыя, хто ўсё сваё жыццё рос на іншых каштоўнасцях, думаючы пра зямныя багацці, пра славу, кар’еру ці яшчэ пра якія-небудзь іншыя спакусы, якія на столькі нетрывалыя, што можна параўнаць іх з травой, што ў адзін момант з сакавіта-зялёнай робіцца засохла-пажоўклай.
Гэта ўжо справа веры. Кожны сам выбірае, як яму жыць. Гістарычны досвед чалавецтва паказвае, што нікому дагэтуль не ўдалося збудаваць трывалы жыццёвы лад без духоўных каштоўнасцяў. У розныя часы людзі жылі па-рознаму. Часам цэлым народам здавалася, што яны збудуюць так званае “новае жыццё” на “новых ідэалах”. Наша Бацькаўшчына мае яскравы прыклад з ХХ стагоддзя. Аднак заўсёды там, дзе забываліся пра мараль чалавека, пабудаваныя сістэмы станавіліся бязбожнымі. І людзі ўрэшце рэшт заставаліся ні з чым…
З другога боку, Сын Божы, які становіцца чалавекам, сваім зямным жыццём пераконвае кожнага, што яго шлях – гэта адзіная дарога, на якой чалавек не згубіць сваю чалавечнасць, але спазнае яе паўнату стаўшыся дзіцём Божым. Іісус салідарны з чалавекам, які ў сваім жыцці ідзе наперад на Божае святло. І такі чалавек пазбегае самотнасці, бо Сын Божы ідзе побач з ім. Такому чалавеку не трэба баяцца, што ён заблукае ў жыцці, саб’ецца з дарогі і пачне хадзіць кругамі, па сцежках якія сам пратаптаў у цемры.
Шаноўныя, кожны з нас сам вызначае, якія святы адзначаць. Нараджэнне Хрыстова – гэта свята для тых, хто не спыніўся ў пошуках узвышанага, добрага і вечнага. Я віншую ўсіх вас са святам Божага Нараджэння. Няхай Бог Любові і Супакою будзе заўсёды з вамі. Жадаю вам не губляць надзеі. Чалавек, які мае веру, добра ведае, што якімі б ні былі складанымі жыццёвыя пошукі, яны непазбежна закончацца паспяхова. Няхай святло, якое прыносіць Хрыстос у гэты свет, вядзе вас наперад, да лепшага жыцця.
З Віфлеема 24.12.2012
Кс.Вячаслаў Барок