Падарожжы. Пілігрымка ў Ватыкан
Аўтару гэтага допісу пашчасьціла разам з жонкаю зьдзейсьніць пілігрымку ў Рым, у Ватыкан.
Аднойчы ў часопісе “Авэ Марыя” мая жонка Данута натрапіла на абвестку ксяндза Вячаслава Барока – пробашча Расонскай парафіі, які ёсьць арганізатарам пілігрымак у Віцебскай дыяцэзіі. Сьпісаўшыся з ксяндзом Вячаславам па электроннай пошце, мы трапілі ў групу пілігрымаў. Адправіліся аўтобусам зь Менску ў 20 гадзінаў.
Праз Берасьце ўехалі ў Польшчу і недзе к вечару прыехалі ў Чэнстахову – цэнтар каталіцтва ў Польшчы. Тут знакаміты на ўвесь сьвет Яснагурскі кляштар. Імша перад абразом Маткі Боскай Чэнстахоўскай – знакамітай Чорнай Мадоннай.
Начлег у Доме Пілігрыма. Вячэра, сьняданак і рана-раненька шлях далей праз Чэхію да Вены. У культурную сталіцу Цэнтральнай Эўропы прыехалі а палове трэцяй уначы. Тут, па правілах Эўрасаюзу, кіроўцы аўтобуса павінны адпачываць не меней дзевяці гадзінаў.
А пілігрымы ў гэты час аглядалі Вену – сталіцу Аўстрыі.
Пляц Марыі-Тэрэзіі, брама Моцарта, Сабор Сьвятога Штэфана, панарама Вены з высачэзнай званіцы гэтага сабора, знакамітая Венская опера, Венская ратуша.
Сабор Сьвятога Штэфана ў Вене.
Адзінае, што не пабачыў, дык гэта Блакітны Дунай. Пра тое, што Вена стаіць на Дунаі, я проста, на жаль, забыўся. Затое на адной з цэнтральных плошчаў нас пачаставалі півам у гонар 70-годзьдзя прэзідэнта Аўстрыйская Рэспублікі. Бясплатна.
Выехалі зь Вены а палове першай уначы. Доўгі начны пераезд да Рыму. Дарога спачатку па тунэлях і віядуках праз Альпы, а пасьля па Паданскай нізіне Італіі і па не меней шматлікіх тунэлях і віядуках Апенінскіх гор.
Нарэшце а палове шостай даехалі да гатэля Аль Рыфуджо ў прыгарадзе Рыма.
Назаўтра зранку – ў Рым. Натуральна, першае мейсца куды мы пайшлі, гэта Ватыкан, Сабор Сьвятога Пятра. Плошча і храм уражваюць сваёй веліччу і вялізнай колькасьцю пілігрымаў з усяго сьвету. Натуральна, за адведзены час усяго пабачыць немагчыма. Саркафаг Сьвятога Язафата Кунцэвіча – аднаго зь Нябесных Заступнікаў Беларусі, крыпта з пахаваньнямі многіх з рымскіх папаў, магіла Апостала Пятра пад галоўным алтаром храма.
Ватыкан. Сабор Сьвятога Пятра.
Далей Замак Анёла, мост праз Тыбр, збудаваны да Новай эры, Пантэон, адзіны дахрысьціянскі храм у Рыме, які пабудаваны за 150 год да Новай эры і пасьля ператвораны ў хрысьціянскі, Плошча Іспаніі, знакамітыя фантаны Трэві – тыя, куды пілігрымы кідаюць манеты, каб сюды вярнуцца. Кінулі і мы. Дарэчы, штогод пры чыстцы басэйнаў фантана гэтых манет выбіраюць на 9 тысяч эўра.
Далей велічная базыліка Сьвятога Паўла. Вялічэзны плоскі дах трымаецца на 150 калёнах. Гэта апошні на сёньня экскурсыйны аб’ект.
Вяртаньне ў гатэль, вячэра, дэгустацыя італьянскага белага віна.
Назаўтра – разьвітаньне з гасьцінымі гаспадарамі гатэля, ад’езд у Рым, наведваньне супэрмаркету, набыцьцё сувеніраў. Далей Пляц Лятэран з базылікай Сьвятога Яна Хрысьціцеля. Тут жа Сьвятая Лесьвіца з дому Понція Пілята, па якой згодна хрысьціянскага паданьня неаднаразова падымаўся Езус Хрыстос. На жаль для нашых пілігрымаў, сёньня лесьвіца зачынена.
Адсюль па доўгай вузкай вуліцы ідзем да Калізею. Тут вольных дзьве гадзіны. Перакусваем проста на прыступцы пад калёнаю Калізея. Далей аглядаем Форум, Капітолій, дзе зараз месьціцца муніцыпалітэт Рыма. Будавалі ж людзі калісьці!
Адсюль вяртаньне на пляц Лятэрана, ад’езд на мэтро да аўтобуса. І, ў 19 гадзінаў – у далёкі начны пераезд да Венецыі.
Прыехалі ў 6 раніцы. Ад паркінгу на замоўленым загадзя катэры пераплылі Венецыйскую Лягуну і высадзіліся каля плошчы Сьвятога Марка. Наведваньне сабора Сьвятога Марка, імша, экскурсія па вузенькіх венецыйскіх вулках над каналамі.
І галоўнае: Дзень нараджэньня Даны. Набытае ў Рыме шампанскае пілі з дарожных кубкаў на набярэжнай пад плёскат венецыйскіх хваляў разам з гамельчукамі Аленай, яе мужам Паўлам і былой сьветлагарчанкай, а цяпер гамельчанкай таксама Аленай Жукоўскай.
Венецыя. Дзень нараджэньня Дануты.
Ад’езд з Венецыі ў 13 гадзінаў. Далёкі шлях праз Паданскую нізіну, італьянскія і аўстрыйскія Альпы па незьлічоных тунэлях і віядуках да гарадка Густапечы ў Чэхіі. Тут начлег.
Ад’езд наступнай раніцою. Пасьля гадзіны шляху аўтобус выйшаў са строю. Гадзінаў 13 чакалі другі, блукаючы па невялікаму мястэчку, зьбіраючы грэцкія арэхі пад дрэвамі, бавячы час у вельмі прыстойным супэрмаркеце.
Нарэшце новы аўтобус з Гановера, пераезд (начны) праз Чэхію, Польшчу, прыпынак у супэрмаркеце ў Міньску-Мазавецкім у Польшчы, Тэрэспаль, мяжа, Берасьце, і мы ў Беларусі. У Менску былі а палове другой ночы.
Вандроўка спадабалася. Пабачылі дзьве краіны, дзе раней не былі. Гэта я дзьве – Аўстрыю і Італію, а Дана яшчэ і крыху Чэхіі. Вельмі спадабаліся арганізатары: ксяндзы Вячаслаў і Юрый. Адукаваныя, разумныя, карэктныя маладыя людзі. Малітвамі – праўда гэта не спадабалася Дане – не вельмі надакучвалі. Юрый і Алена – магістранты Карлава універсітэту ў Празе – цудоўныя гіды на высокім прафесійным узроўні. Распавядалі не толькі пра помнікі рэлігіі, але і пра гістарычныя падзеі, сьвецкія помнікі архітэктуры, культуры. Для мяне яшчэ асабліва прыемным было тое, што ўсе яны трое карыстаюцца чысьцюткай беларускай моваю.
Вадзім Болбас,
г. Светлагорск, 2008г.
(паводле рэгіянальнага партала Светлагорск)