logo piligrymka





Рым

Італія пачынаецца з Рыму, а Рым – з легенды.
21 красавіка 753 г. да н.э. ускормленыя ваўчыцай Ромул і Рэм заклалі першыя камяні Вечнага горада.
Горад знаходзіцца сярод пагоркаў Лацыё на берагах Тыбра. Паспяховае размяшчэнне сямі рымскіх халмоў, прывяло да імклівага росту паселішчаў вакол іх.
Паступова Рым падначаліў сабе ўсе італьянскія землі і заваяваў нават поўнач Афрыкі. У 27 г. да н.э. пры імператары Аўгусце ўтварылася Рымская імперыя, якая дыктавала сваю палітыку Міжземнамор’ю. Кіраванне Аўгуста было часам росквiту Рыма. Сталіца апраналася ў мармур.
Пасля смерці імператара Рымская імперыя яшчэ паўтары стагоддзі жыла ў міры і спакоі, але ў канцы IV ст. па прычне сталых войнаў і ўнутраннай крызы імперыя раздзялілася на 2 часткі: Усходнюю імперыю – Візантыю са сталіцaй у Канстантынопалі і Заходнюю – са сталіцай у Рыме. У 476 г. адбылося канчатковае руйнаванне Заходняй Рымскай імперыі.
Войны, эпідэміі і голад звялі Рым і Італію да рангу візантыйскай правінцыі.
У VI-VII стст. абранне папаў адбывалася ў Канстантынопалі. Паступова царква ўзяла ўладу ў Рыме ў свае рукі, і з сярэдзіны VIII ст. Рым робіцца сталіцай пaпскай вобласці Лацыё аж да 1870 г., калі дзякуючы барацьбе Дж. Гарыбальдзі адбылося аб’яднанне Італіі.
У 1871 г. Рым быў аб’яўлены сталіцай Італіі, а з 1946 г. стаў сталіцай Італьянскай Рэспублікі.
Рым – горад, які немагчыма параўнаць ні з якім іншым. Усе перажытыя ім эпохі пакінулі ў ягонай архітэктуры свае непаўторныя рысы. Захаваліся не толькі помнікі антычнасці, але і цэлыя архітэктурныя ансамблі той далёкай эпохі, сярэднявечныя кварталы і цэрквы эпохі Адраджэння, а таксама больш позніх часоў.
Рым нярэдка называюць і горадам касцёлаў. Іх тут – каля 300.
Рэшткі Рымскага форума – рэлігійнага, палітычнага і камерцыйнага цэнтра Старажытнага Рыма – адлюстоўваюць XII стагоддзяў гісторыі рымскай цывілізацыі. Велічна плыве над плошчай Пантэон, у якім знаходзіцца магіла Рафаэля. Пантэон – храм Юпіцера Мсціўцы і ўсіх багоў – пабудаваў Марк Агрыппа ў гонар перамогі над Антоніем і Клеапатрай.
Антычная архітэктура ў Рыме паўсюль. Гэта тэрмы на 3 тыс. месцаў, замак Св. Анёла над Тыбрам і, канешне, Калізей.
Калізей уяўляе сёння руіны. Аркі, карнізы, якія, падаецца, вісяць у паветры, – усё гэта нагадвае кратэр на месяцы. Калі зазірнуць унутр – можна пабачыць чорныя дзіры сутарэнняў.
Калізей змяшчаў больш за 80 тыс. гледачоў. Праз 150 дзвярэй натоўп мог у некалькі хвілін запоўніць усе ярусы цырка.
Варвары, зваяваўшыя Рым, хацелі разбурыць Калізей. Але гэта ў іх не атрымалася. З тых часоў, напэўна, і пайшло прыслоўе: “Пакуль стаіць Калізей – стаіць Рым”. І часта пасля гэтага італьянцы дадаюць: “А пакуль стаіць Рым – стаіць і ўвесь свет”.
Нават фантаны ў гэтым горадзе асаблівыя. Палову плошчы і ўвесь фасад старога палацу Полі заняты фантанам Трэві. Плошча Навона, адна з самых прыгожых у горадзе, славіцца фантанам Рэк, фантанамі “Маўра” і “Нептуна”.
Адным з сімвалаў Рыма, яго сэрцам, з’яўляецца плошча Венецыі, пабудаваная ў 1455 г. па загаду Паўла ІІ, які быў у тыя часы кардыналам Венецыі. Павел ІІ быў вельмі шчодрым і пабудаваў палац такой прыгажосці, якога да гэтага часу не ведаў хрысціянскі Рым. Блізка знаходзіцца Віа Фелічэ, на якой жыў вялікі пісьменнік украінскага народу – Гогаль. Менавіта тут ён напісаў першы том “Мёртвых душаў”. Адсюль ён дасылаў шматлікія лісты сваім сябрам і знаёмым, і амаль у кожным з іх былі радкі пра тое, што ён закаханы ў Рым. Бо не закахацца ў гэты горад – немагчыма!

Апошнія артыкулы