logo piligrymka





Сабор у Кёльне.

“Прыгажосць хора, які падымаецца скляпеннем у неба, адрозніваецца веліччу, што пераўзыходзіць усе магчымыя ўяўленні. Неапісальна даўгім шэрагам стаяць стромкія калоны, быццам дрэвы старажытнага леса”, – пісаў пра Кёльнскі сабор Георг Форстэр.
У 1248 г., калі архіепіскап Кёльна Конрад фон Хохштадэн заклаў першы камень у аснаванне Кёльнскага сабору, пачалася адна з самых доўгіх еўрапейскіх будоўляў.
Кёльн, адзін з самых заможных і магутных гарадоў тагачаснай Германскай імперыі, лічыў неабходным, па прыкладзе Францыі, мець свой кафедральны сабор. Была і іншая прычына для ўзнікнення такой своеасаблівай задумы. Кёльнскі архіепіскап Райнальд фон Дассель, канцлер імператара Фрыдрыха Барбароссы, атрымаў ад яго парэшткі Трох Каралёў, якія раней захоўваліся ў адным з міланскіх кляштароў: Каспара, Мельхіёра і Бальтазара. Гэтыя тры каралі сталі першымі людзьмі, якія ўбачыўшы святло Віфлеемскай зоркі, паспяшаліся ў Віфлеем, дзе ляжала нованароджанае дзіцё, Цар Цароў, Збаўца свету – Ісус Хрыстос. “Убачыўшы зорку, яны ўзрадаваліся радасцю вялікай, і ўвайшоўшы ў дом, убачылі Дзіцё з Марыяй, маці Яго, і, упаўшы, пакланіліся Яму. І, адчыніўшы скарбы свае, прынеслі Яму дары: золата, ладан і смірну”. У 1164 г. архіепіскап увёз парэшткі гэтых каралёў у Кёльн. Для іх напрацягу дзесяці гадоў рабіўся саркафаг з срэбра, золата і каштоўных камянёў, на якім можна і сёння ўбачыць сцэну, адлюстраваную аўтарам саркафага, Стэфанам Лохнерам, у Кёльнскім саборы ў Марыенкапэле – капэле Панны Марыі. А кароны трох каралёў намаляваны ў гербе горада.
Высокі ранг, які Кёльн атрымаў у заходнееўрапейскім свеце дзякуючы з’яўленню гэтых рэліквій, павінен быў адлюстравацца і ў кафедральным саборы.
27 верасня 1322 г. быў асвечаны хор сабора. Але ўжо каля 1450 г. усе працы па будаўніцтву храма былі спыненыя. Прычынай таму былі не толькі эпідэміі і войны і адсутнасць фінансавых сродкаў. Завагаўся і сам сярэднявечны светапогляд, дзякуючы якому і магла першапачаткова ўзнікнуць ідэя гэтага вялізарнага сабора.
Толькі ў пачатку ХІХ ст., па ініцыятыве Гётэ аднаўляюцца будаўнічыя працы. А ў 1868 г. ўзводзяцца вежы вышынёй у 157 м.
У 1880 г. у прысутнасці германскага імператара Вільгельма І адбыліся святкаванні ў гонар завяршэння будаўніцтва. Але і пасля гэтага будаўніцтва працягвалася: рабілі вокны і падлогу, узводзілі дэкаратыўныя вежы. Пасля 1945 г. рэстаўрацыйныя працы пачаліся з падвоеннай сілай. Але і сёння рэстаўрацыя яшчэ не скончаная – надвор’е, забруджванне наваколля даўно б прывялі да знікнення сабора, калі б не прыймаліся меры па абароне храма. Такім чынам, раздзел гісторыі будаўніцтва сабора не напісана да гэтага часу.
А пэрліна Кёльна і шэдэўр гатычнай архітэктуры, Кёльнскі сабор здзіўляе сваёй манументальнасцю і веліччу, лёгкасцю і вытанчанасцю. Ён натхняў паэтаў і пісьменнікаў, мастакоў і музыкаў. Генрых Гейнэ, гледзячы на яго напісаў: “У хвалях велічнага Рэйна, як у люстэрку, бачаць вочы венец цудоўны Кёльна – вялікі сабор!”

Апошнія артыкулы